viasna on patreon

На Магілёўшчыне абмежаванне на гандаль танным алкаголем дало адваротны эфект

2011 2011-10-04T14:31:08+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/alkagalizacyja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На паседжэнні Магілёўскага аблвыканкама, якое адбылося ў апошнюю дэкаду верасня, былі разгледжаны вынікі выканання Дзяржаўнай праграмы нацыянальных дзеянняў па папярэджанні і пераадоленні п’янства і алкагалізма на 2006 – 2010 гады ў Магілёўскай вобласці. У выніку разгляду пытання было адзначана, што адной з галоўных прычын росту алкагалізацыі насельніцтва вобласці сёння з’яўляецца адсутнасць дакладнай сістэмы ў прафілактычнай працы па папярэджанні і пераадоленні п’янства і ўзгодненасці ў дзеяннях усіх зацікаўленых структур. Гэта сумны вынік пяцігадовай працы па рэалізацыі дзяржпраграмы на Магілёўшчыне.

Нечаканы для чыноўнікаў вынік дало новаўвядзенне, якое было рэалізавана на Магілёўшчыне з вясны гэтага года. З таго часу ў крамах вобласці продаж таннага віна, якое ў народзе называюць “чарнілам”, быў абмежаваны па часе, яно рэалізоўвалася толькі з 10:00 да 18:00 гадзін. На здзіўленне высветлілася, што ў выніку дадзенай ініцыятывы рэалізацыя пладова-ягаднага віна не толькі не знізілася, але, наадварот, павялічылася - на 12 працэнтаў.

Сваё меркаванне наконт  такога выніку ўведзеных абмежаванняў выказаў Юрый, даўні аматар “пладова-ягаднага” з аграгарадка Вялікая Машчаніца Бялыніцкага раёна:

“А што яны хацелі? Калі раней я браў бутэльку віна, бо ведаў, што ў любы момант пры неабходнасці пайду ў краму і вазьму яшчэ, то зараз я да шасці вечара стараюся ўзяць дзве альбо тры бутэлькі. Бо можа ж “не хапіць”, а ў краме пасля шасці не дадуць. Гарэлка ж даражэй каштуе, ды і піць яе я не прызвычаіўся”.

Магчыма, чыноўнікі Магілёўскай вобласці нарэшце зразумеюць, што забаронамі і абмежаваннямі праблему алкагалізацыі насельніцтва вырашыць нельга, патрэбна сістэмная праца па падвышэнні  ўзроўня жыцця насельніцтва, прапагандзе здаровага ладу жыцця, фармаванні ў чалавека ўпэўненасці ў заўтрашнім дне.

Пакуль жа сацыяльныя праблемы ў нашай краіне толькі нарастаюць, а таму нават старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік быў вымушаны прызнаць той факт, што зараз, у выніку росту коштаў, пладова-ягадныя віны сталі называць “пладова-выгаднымі” і ў апошні час гэтымі напоямі не грэбуюць нават “людзі ў гальштуках”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства