У Берасьці першае затрыманьне за Народны сход
Намесьніка старшыні Берасьцейскай гарадзкой арганізацыі партыі левых “Справядлівы сьвет” Лявонція Чыпурных затрымалі увечары 3 кастрычніка.
Аб гэтым паведаміла кіраўнік гарадзкой арганізацыі гэтай партыі Людміла
Дзенісенка, якая распавяла, што ён затрыманы міліцыянтамі падчас збору
подпісаў за Народны сход:
“Міліцыянты абгрунтавалі, што ён распаўсюджваў улёткі з заклікам да
несанкцыянаванага мерапрыемства. Лявонцій якраз займаўся зборам подпісаў
у сваім доме і распаўсюджваў запрашэньні. Нехта выклікаў міліцыю, і яго
затрымалі. Ноч Лявонцій правёў у пастарунку, а сёньня яго павінны
судзіць. Мы зараз высьвятляем, у колькі будзе суд, пойдзем падтрымаць
яго,” - распавяла Людміла Дзенісенка.
Як патлумачыла спадарыня Дзенісенка, затрыманьняў прадстаўнікоў левых партыяў у Берасьці даўно не было:
“Упершыню ў Берасьці затрымалі прадстаўніка левай партыі. Неяк раней яны
нас не чапалі, але цяпер, перад Народным сходам ажывіліся”, - кажа
спадарыня.
Гэта першае затрыманьне за Народны сход у Берасьці. Раней на
Берасьцейшчыне затрыманьні за яго падрыхтоўку адбываліся толькі ў
Баранавічах. 22 верасьня на 525 тысяч аштрафавалі актывіста Сяргея
Аўчыньнікава, які раздаваў улёткі непадалёк ад авіярамонтнага заводу. 29
верасьня за улёткі Народнага сходу быў затрыманы Віктар Цяпін, судзіць
якога будуць 6 кастрычніка. А 30 верасьня ў Баранавічах быў затрыманы
мясцовы каардынатар Народнага сходу Віктар Мезяк.