Затрыманы шэсць удзельнікаў пікету на плошчы Свабоды ў Мінску
У міліцыі Цэнтральнага раёна сталіцы знаходзяцца шэсць удзельнікаў несанкцыянаванага ўладамі пікету. Прадстаўнікі групы “Грамадзяне супраць беззаконня ў судах і пракуратуры” ладзілі пікет каля будынку ратушы на плошчы Свабоды.
Яны трымалі ў руках Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і плакаты: “Спыніць беззаконне ў судах”, “Ашуканцаў народу за краты!”.
Спецназаўцы ў форме і ў цывільным разагналі акцыю. Шэсць чалавек закінулі ў аўтобус і адвезлі ў міліцыю. Жанчыны, якія засталіся на волі, распавялі “Народнай Волі”, што міліцыянеры іх абражалі і нецэнзурна лаяліся.
У міліцыі высветляюць асобы затрыманых. Вядомыя прозвішчы пяці чалавек. Гэта Тамара Сяргей, Валянціна Каваленка, Аляксандр Каваленка, Любоў Санкевіч, Марына Мельнік, Аляксандр Сафонаў. Сярод затрыманых жанчына, якая прыехала на пікет з Віцебску. Вядома, што яе завуць Марына.
Не выключана, што затрыманых абвінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі і сёння ж прывязуць у суд.