Алесь Бяляцкі пачаў знаёміцца з матэрыяламі справы
Кіраўнік “Вясны”, які ўжо амаль два месяцы знаходзіцца ў следчым ізалятары, з 23 верасня пачаў знаёміцца з матэрыяламі заведзенай на яго справы паводле часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса – “утойванне даходаў у асабліва буйным памеры”.
- Фактычна можна казаць пра тое, што следства як стадыя працэса па справе Алеся Бяляцкага скончана, таму што ўжо з пятніцы ён разам са сваім адвакатам знаёмяцца з матэрыяламі справы, - кажа юрыст “Вясны” Уладзімір Лабковіч.
Паводле яго, цалкам верагодна, што ўжо ў другой палове кастрычніка можа пачацца суд над Алесем Бяляцкім.
- Мы, безумоўна, патрабуем яго неадкладнага вызвалення, лічым і следства, і будучы судовы працэс палітычна матываваным, - адзначае Уладзімір Лабковіч.
З набліжэннем судовага працэсу асаблівую заклапочанасць у праваабаронцаў выклікае вялікая верагоднасць таго, што суд над Алесем Бяляцкім будзе закрытым.