У спатканьні – адмовіць
Сьледчая Дэпартаменту фінансавых расследаваньняў КДК Тацяна Касынкіна адмовіла ў хадайніцтве аб спатканьні жонцы старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага Наталі. Яна не бачылася з мужам ад 5 жніўня, калі праваабаронцу перавозілі з аддзела папярэдняга расследаваньня ДФР у СІЗА-1.
Прычына адмовы ў спатканьні ў пастанове сьледчай Касынкінай не паведамляецца.
25 верасня віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, старшыня ПЦ ”Вясна” Алесь Бяляцкі свой 49-ы дзень народзінаў, на жаль, будзе адзначаць за кратамі, у СІЗА на Валадарскага.
Між тым, павіншаваць Алеся Бяляцкага, які паўтары месяцы знаходзіцца за кратамі можна паштоўкай альбо лістом, напісаўшы на наступны адрас:
220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 СІЗА-1, Бяляцкаму Аляксандру Віктаравічу.