У Астраўцы забаранілі пікет супраць пабудовы АЭС
Раённы выканаўчы камітэт горада Астравец адмовіў у правядзенні пікету супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС.
Заяўку падалі лідары Астравецкай раённай суполкі АГП Іван Крук і Мікалай Уласевіч. Пікет планавалася правесці пад лозунгам “Чарнобыль, Фукусіма, Астравец – гэта нам трэба?”. “Нягледзячы на адмову мы не спынім інфармаваць насельніцтва рэгіёна пра небяспеку, якую ўтойвае атамная энергетыка,” – кажа адзін з заяўнікоў пікету Іван Крук.
- Мы хацелі давесці да насельніцтва, што будуецца атамная станцыя. Чаму, таму што гэта праект ваенна-палітычнага характару, больш за ўсё ён задавальняе Расію, каб мы былі залежныя ад Расіі. Атрымалі адказ, што райвыканкам нам адмовіў у правядзенні пікету, прычым няма ніякага абгрунтавання. Адмаўляюць у пікеце, каб людзі не падымалі гэтае пытанне, каб людзі нічога не ведалі.
Як адзначыў Іван Крук пікет “Чарнобыль, Фукусіма, Астравец – гэта нам трэба?” планавалася правесці 25 жніўня. Сёння будзе прынятае рашэнне ці актывісты будуць абскарджваць рашэнне Астравецкага раённага выканкама.