viasna on patreon

У Бабруйску з’явіліся ўлеткі аб змяншэнні заробку

2011 2011-06-06T08:48:26+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/babrujsk-uletki-zarobak-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

4 чэрвеня на шэрагу аўтобусных прыпынкаў у Бабруйску былі вывешаны самаробныя ўлёткі, у якіх параўноўваўся сярэдні заробак беларусаў у доларавым эквіваленце ў 2010 і 2011 гадах. Акцыю правялі мясцовыя актывісты кампаніі “Гавары праўду!”.

Распавядае каардынатар кампаніі “Гавары праўду!” па Бабруйску Алена Мядзведзева:

- Мы зрабілі невялікія самаробныя ўлёткі, у якіх нагадалі пра тое, што ў 2011 годзе сярэдні заробак ў Беларусі скараціўся да 300 долараў ЗША, хоць яшчэ ў 2010 ён быў 500 долараў, і развесілі іх на аўтобусных прыпынках і ў пад’ездах жылых дамоў. Я сама прадпрымальніца, таму сваімі вачамі бачу, наколькі знізіўся ўзровень жыцця жыхароў нашага горада. Людзі амаль не набываюць тавары, грошай хапае толькі на прадукты харчавання і на самыя неабходныя рэчы. Многія прадпрымальнікі думаюць прыпыняць працу на пэўны тэрмін, бо няма сэнсу стаяць на рынку, калі людзі не набываюць тавар. А як яны набудуць, калі кошты на закупцы і ў розніцы выраслі амаль удвая ў сувязі з падвышэннем курсу долара і расійскага рубля, а сярэдні заробак у беларускіх рублях застаўся на тым жа ўзроўні. Мяне таксама хвалюе пытанне, чаму не варушацца нашы сталічныя дэмакратычныя лідары: народ знаходзіцца ў жабрацкім стане, узровень жыцця рэзка знізіўся, а ніякай інфармацыйнай прадукцыі няма, хоць яна вельмі запатрабаваная. Таму мы і зрабілі і развесілі па Бабруйску гэтыя самаробныя ўлеткі, каб з’явілася ў горадзе хоць нейкая альтэрнатыўная інфармацыя.

Алена Мядзведзева выказала спадзяванне на тое, што ў рэшце рэшт у рэгіёнах з’явіцца хоць нейкая друкаваная прадукцыя, якая б распавядала аб сучаснай эканамічнай сітуацыі ў Беларусі:

- Мы спадзяёмся, што нарэшце з’явяцца ўлёткі, маланакладныя газеты, іншая друкаваная прадукцыя, якую б можна было распаўсюджваць сярод людзей. Навіны ў інтэрнэце чытаюць у асноўным моладзь і найбольш адукаваная частка насельніцтва, для многіх больш зручны папяровыя носьбіты інфармацыі. У нас саміх фінансавыя магчымасці вельмі абмежаваныя, калі не сказаць больш, таму хацелася б, каб з друкаванай прадукцыяй для распаўсюду неяк дапамаглі нашы дэмакратычныя лідары.

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства