viasna on patreon

На Віцебшчыне патрабуюць адказу ад дэпутатаў

2011 2011-05-28T20:43:22+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/deputackija_mescy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

“Куды вы пахаваліся? Чаму, калі так цяжка стала жыць нашаму народу, вас нідзе не чуваць? Калі вас абіралі, то мясцовыя ўлады дапамагалі вам ладзіць сходы, а зараз вас не знойдзеш!” – піша  жыхар Паставаў, былы вайсковец Уладзімір Бароўка. Грамадзянская кампанія “Наш Дом” таксама выступіла з бестэрміновай ініцыятывай “Депутатов – к ответу!”

 

Пастаўчанін Уладзімір Бароўка звярнуўся да дэпутатаў у адкрытым лісце праз незалежныя СМІ. Ён патрабуе, каб дэпутаты ўсіх узроўняў павярнуліся тварам да людзей у цяжкі эканамічны час  -- каб праводзілі сустрэчы, сходы, тлумачылі насельніцтву, што адбываецца са спажывецкім і валютным рынкам, а галоўнае – каб абвясцілі, што яны асабіста робяць для таго, каб сітуацыя ў Беларусі стабілізавалася.

 

“Я зьвяртаюся да ўсіх дэпутатаў, і асабіста – да прадстаўніка Пастаўшчыны  ў Палаце прадстаўнікоў Эдуарда Казуры. Калі вам трэба было абірацца, улады арганізавалі сходы ці не ў кожнай вёсцы, каб вы толькі выступалі. А дзе вы ўсе зараз? Можа, раз на месяц і прымаеце кагосці ў сваіх кабінетах, аднак паводле закону аб дэпутацкай дзейнасці вы мусіці трымаць рэгулярныя справаздачы перад вашымі выбаршчыкамі. Раскажыце ім, чыму жыццё стала такое цяжкае. Ці можа спадар Казура не лічыць, што яно цяжкае і не ведае пра гэта, бо ў ягоных сваякоў ёсць некалькі камерцыйных аб’ектаў  побач з Пастаўскім райвыканкамам, дзе Эдуард Пятровіч некалі быў старшынём?” -- разважае ў адкрытым лісце спадар Бароўка.

 

У 2008 годзе, падчас парламенцкіх выбараў, Уладзімір Бароўка быў супернікам Эдуарда Казуры – ён таксама балатаваўся, і на адной з сустрэчаў з выбаршчыкамі публічна прапанаваў старшыні райвыканкаму зняць сваю кандыдатуру:

 

“Я сказаў, што трэба катэгарычна забараніць выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу і падвысіць адказнасць за гэта. А потым распавёў, што накіраваў скаргі ў Цэнтравыбаркам і пракуратуру пра шматлікія парушэнні з боку Эдуарда Казуры. І звярнуўся да яго, маўляў, так рабіць нельга, і вам варта зняць з выбараў сваю кандыдатуру. Рэакцыя была бурная: ён выйшаў на сцэну і стаў на мяне крычаць: што я з апазицыі і адпрацоўваю заходнія грошы”.

 

Цяперашні ліст, кажа спадар Бароўка, напісаны не з крыўды на тое, што яго тады не абралі – вялікіх спадзеваў перамагчы старшыню райвыканкаму, якога падтрымліваюць “наверсе”, ён не меў. Але перакананы: выбарцы маюць права патрабаваць справаздачаў ад таго, хто закліканы прадстаўляць іхныя інтарэсы. Тым больш у такія нялёгкія часы, калі ў крамах разбіраюць соль і запалкі, становяцца ў чэргі па цукар і воцат…

 

Зварот да дэпутатаў жыхар Паставаў напісаў ад сябе асабіста, яшчэ не ведаючы пра тое, што грамадзянская кампанія “Наш дом” ужо таксама выступіла з бестэрміновай ініцыятывай “Депутатов – к ответу!”

 

“Мы імкнемся прымусіць дэпутатаў выконваць заканадаўства об іх дэпутацкім статусе і Закон аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, -- тлумачыць актывіст кампаніі “Наш Дом” Мікалай Петрушэнка з пасёлка Коханава Талачынскага раёну. – У нас у Беларусі каля 24 тысяч дэпутатаў мясцовых Саветаў – ад абласнога ўзроўню і ніжэй. Яны мусяць выступаць са справаздачамі пра сваю дзейнасць, у тым ліку пра тое, што яны зрабілі па сваіх выбарчых праграмах і па зваротах выбаршчыкаў”.

 

Але, кажа спадар Петрушэнка, каля 90% дэпутатаў свае праграмы нават нідзе не публікавалі – верагодна, каб было пазбегнуць адказнасці перад землякамі. І грамадскія сходы праводзіць яны таксама не імкнуцца з тае самае прычыны – асабліва ў цяперашні праблемны час.

 

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства