Уладзімір Лапцэвіч абскарджвае выстаўлены рахунак за харчаванне ў ІЧУ
Журналіст БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч просіць начальніка ізалятара часовага ўтрымання УУС Магілёўскага аблвыканкама спадара Краснова правесці пераразлік рахунка за харчаванне, які быў выстаўлены яму за знаходжанне ў ізалятары.
“Па выхадзе 1 красавіка на волю з ізалятара мне быў выдадзены рахунак на кампенсацыю выдаткаў за харчаванне за час адбывання адміністрацыйнага арышта з 26 сакавіка па 1 красавіка ў памеры 28 тысяч рублёў, - гаворыць Уладзімір Лапцэвіч, - аднак, у гэты перыяд я харчаваўся толькі двойчы – увечары 29 сакавіка і ўвечары 31 сакавіка”.
Уладзімір адзначае, што ягоны арышт прыйшоўся на праваслаўны пост. Паводле паста якраз 29 і 31 сакавіка ўвечары дазвалялася харчавацца варанай ежай, і ён скарыстаўся гэтай магчымасцю. Ва ўсе астатнія дні ад прыёма ежы журналіст адмаўляўся, аб чым пазначаў у ведамасцях, якія яму прыносілі пад подпіс супрацоўнікі ІЧУ.
Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што няправільна выстаўлены рахунак за харчаванне ў выпадку адмовы ад прыёма ежы неабходна абскарджваць.
“Рахункі павінны выстаўляцца за фактычнае харчаванне. Калі адміністрацыя ізалятара выстаўляе рахунак за ўвесь час знаходжання, а чалавек не харчаваўся, то гэта незаконна”, - гаворыць праваабаронца.
“Праваабрончая хроніка”