У Баранавічах чарнобыльскі пікет не дазволены
Баранавіцкі гарвыканкам не дазволіў правядзенне чарнобыльскага пікета 26 красавіка на плошчы Леніна. Гэта стала вядома з ліста, які атрымалі 16 красавіка грамадскія актывісты Болбат Вячаслаў, Гоўша Сяргей і Сырыца Віктар. У лісце за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Дз. Касцюкевіча паведамляецца, што згодна з рашэннем гарвыканкама ад 16 чэрвеня 2009 года, месцам для правядзення масавых мерапрыемстваў у горадзе з’яўляецца стары парк культуры і адпачынку па вуліцы Камсамольскай (на фота).
Адзін з заяўляльнікаў пікета Віктар Сырыца адзначыў, што ў старым парку цяпер адбываюцца рамонтныя работы і там амаль няма людзей. Праводзіць у такім месцы пікет, прысвечаны 25 угодкам Чарнобыльскай трагедыі – гэта проста здзек над арганізатарамі мерапрыемства. Ён дадаў, што грамадскія актывісты планавалі не толькі інфармаваць насельніцтва горада аб трагедыі на АЭС у Фукусіме, а найперш прыцягнуць увагу грамадскасці да наступстваў будаўніцтва Астравецкай АЭС і нявырашаных у нашай краіне чарнобыльскіх праблем.
Такім чынам, першая спроба правесці ў Баранавічах масавае мерапрыемства пасля падзей 19 снежня скончылася безвынікова.
“Праваабарончая хроніка”