Магілёўскія дэмакраты прынялі заяву з асуджэннем тэрарыстычных дзеянняў
Вечарам 12 красавіка Каардынацыйная рада Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сіл прыняла заяву ў сувязі з крывавым тэрарыстычным актам 11 красавіка ў горадзе Мінску. У заяве рашуча асуджаюцца тэрарыстычныя дзеянні, накіраваныя супраць беларускага народа.
У прыватнасці, у заяве утрымліваюцца чатыры пункты, у якіх Каардынацыйная рада Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сіл заяўляе наступнае:
1. Мы рашуча асуджаем тэрарыстычныя дзеянні, накіраваныя супраць Народа Рэспублікі Беларусь.
2. Мы выказваем глыбокае спачуванне пацярпелым, родным і блізкім загінуўшых у выніку тэрарыстычнага акта.
3. Мы патрабуем ад уладаў Беларусі поўнага і адкрытага расследвання гэтага жахлівага злачынства, а не імітавання актыўных дзеянняў сілавымі структурамі, як гэта было падчас расследвання тэрарыстычнага акту, здзейсненага 3 ліпеня 2008 года.
4. Мы заклікаем усіх актывістаў дэмакратычнага руху і неабыякавых грамадзян краіны аказаць пацярпелым донарскую і іншую пасільную дапамогу.
Па словах сташыні Каардынацыйнай рады Юрыя Новікава, абсалютна ўсе прадстаўнікі дэмакратычных сіл Магілёўскай вобласці рашуча асуджаюць тэрарызм у любых яго праяўленнях. “Таксама мы спадзяемся, што гэта жахлівае злачынства будзе расследаваны, яго арганізатары і выканаўцы будуць знойдзены і пакараны, - кажа Юрый Новікаў. – Нас хвалюе пытанне аб тым, што ўлады зноў могуць пачаць пад выглядам правядзення расследвання неабгрунтаваны пераслед актывістаў апазіцыі, як гэта ўжо было пасля выбуху 3 ліпеня 2008 года ў горадзе Мінску. Ну і, безумоўна, мы вельмі спачуваем усім пацярпелым, іх родным і блізкім”, - падкрэсліў Юрый Новікаў.
“Праваабарончая хроніка”