Андрэй Бажко дамогся свайго
Акцыя маладога прадпрымальніка з Горак Андрэя Бажко, якому мясцовае ПМК-1 паўгода не вяртае пазыкі, сёння прынесла поспех. Кіраўніцтва ПМК-1 падпісала працэнтоўкі і паабяцала закрыць доўг у найбліжэйшы час.
Два дні ўладальнік горацкага прыватнага прадпрыемства “МБА Клеапатра +” прыходзіў пад цэнтральны ўваход будынку перасоўнай механізаванай калоны №1 з плакатам: “Аддайце заробленае. Хачу есці”. Справа ў тым, што фірма Андрэя Бажко па дамове субпадраду з ПМК-1 выконвала аддзелачныя работы ў катэджах ААТ “Александрыйскае” Шклоўскага раёна.
Аднак ПМК-1 не разлічылася з субпадрадчыкам, матывуючы гэта тым, што само не атрымала грошы ад ААТ “Александрыйскае”.
Праз доўгую запазычанасць Андрэй Бажко стаў перад праблемай выплаты заробкаў сваім работнікам і пайшоў на крайнюю меру. Учора ён паведаміў, што абвяшчае галадоўку і выйшаў з плакатам да офісу даўжніка.
Паводле інфармацыі Радыё “Свабода”, адчайны прадпрымальнік пікетаваў учора ПМК-1 цэлую гадзіну. Да яго нават падышоў кіраўнік гэтай арганізацыі Сяргей Храмянкоў, назваў дзеянні маладога чалавека смешнымі і параіў ісці з лозунгам на плошчу Леніна да Горацкага райвыканкаму.
Тым часам Андрэй Бажко працягнуў сёння акцыю пратэсту. На гэты раз дырэктару ПМК-1 было ўжо не да смеху, таму ў прысутнасці прадстаўнікоў Горацкага райвыканкаму даўжнік падпісаў працэнтоўкі (дакументы, якія пацвярджаюць аб’ёмы і расцэнкі выкананых работ) і паабяцаў закрыць пазыку да канца наступнага тыдня.
Рэдактарка мясцовай незалежнай газеты “УзГорак” Галіна Будная сустрэлася з кіраўніком ПМК-1. Сяргей Храмянкоў патлумачыў, што ягоная арганізацыя вялікая, мае пазыкі, але і ёй таксама вінаватыя грошы. Раней асаблівых праблемаў з разлікамі не было. Сітуацыя з фірмай Андрэя Бажко будзе вырашаная, як толькі з’явяцца сродкі. На думку спадара Храмянкова, маладому прадпрымальніку не варта было дзейнічаць такім спосабам, а варта было звярнуцца ў гаспадарчы суд.
Як патлумачыў сайту horki.info Андрэй Бажко, справу з нявыплатай грошай немагчыма было вырашыць праз суд, бо ПМК не падпісвала працэнтоўкі. Менавіта таму прадпрымальнік выйшаў на акцыю пратэсту. Цяпер жа, калі адпаведныя дакументы ўжо завізіраваны, у выпадку далейшай затрымкі грошай, Бажко можа дамагацца аплаты працы ў судовым парадку.