viasna on patreon

Кароткі аналітычны агляд судовага працэсу над Зміцерам Дашкевічам і Эдуардам Лобавым: першы дзень

2011 2011-03-23T13:16:47+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dashkevlobau230311.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дашкевіч, Лобаў (Фота nn.by)

Дашкевіч, Лобаў (Фота nn.by)

22 сакавіка 2011г. ў судзе Маскоўскага раёну г.Менска распачаўся судовы працэс над лідарам “Маладога Фронту” Зьмітром Дашкевічам і кіраўніком менскай суполкі гэтай арганізацыі Эдуардам Лобавым. Маладых людзей вінавацяць у асабліва злосным хуліганстве (ч.3 арт.339 Крымінальнага кодэксу), зьдзейсьненым 18  сьнежня 2010 г.

Быццам бы 18 сьнежня 2010г. гэтыя маладыя людзі здзейснілі хуліганскі напад на дзвюх грамадзянаў Беларусі, нанеслі ім фізічную шкоду жалезным прыстасаваннем для выдзірання цьвікоў.

Трэба адзначыць, што гэтая справа, хаця фармальна і не мае дачынення да падзеяў ў Мінску 19.12.2010г., але наўпрост знаходзіцца ў адным ланцужку, бо 18.12.2010г. адбылася спроба затрымання прадстаўнікамі беларускіх спецслужбаў гэтых маладых людзей, з мэтай ізалявання лідараў моладзевай апазіцыйнай арганізацыі напярэдадні мірнай акцыі пратэсту 19 сьнежня ў Менску. Толькі на наступны дзень грамадзкасці было паведамлена, што маладыя людзі быццам бы самі здзейснілі цяжкае злачынства.

Старшынствуе на паседжанні суддзя Шылько Алена, пры ўдзеле пракурора Мазоўкі, які таксама ў якасці дзяржаўнага абвінаваўцы выступаў у судзе над сп. Мядзведзем, які абвінавачваўся ва ўдзеле ў быццам бы масавых непарадках, якія былі 19.12.2010г. у Менску,  адвакатаў Мар’яны Сямешкі і Алены Аўсяннікавай, а таксама пацярпелых Алега Малышава й Канстанціна Савіцкага. Пацярпелыя за некалькі дзён да працэсу падалі хадайніцтвы аб мерах бяспекі ў дачыненні да іх, 21 сакавіка суддзя яго задаволіла сваёй пастановай, таму ўвесь працэс яны знаходзяцца па-за зонай бачнасці ў суседнім пакоі, адкуль яны прамаўляюць у залю, дзе слухаецца крымінальная справа.

Зьміцер Дашкевіч выказаў недавер усёй беларускай судовай сістэме, заявіў адвод судзьдзі Алене Шылько, “як заявіў бы любому беларускаму суддзі”. Эдуард Лобаў падтрымаў адвод, у задавальненні хадайніцтва было адмоўлена, паколькі крымінальна-працэсуальны кодэкс не ўтрымлівае такой падставы для адводу, а прадугледжаных нагодаў няма.

Зьміцер Дашкевіч заяўляе яшчэ два хадайніцтвы. У першым ён патрабуе, каб так званыя “пацярпелыя” (лічыць іх несапраўднымі, як і іх імёны), выступалі публічна перад усімі, падставаў для іх хавання ня бачыць. На што судзьдзя тлумачыць, што ад іх паступіла заява (зачытвае яе), згодна якой яны адчуваюць небясьпеку свайму жыццю й здароўю, пераследу з боку родных і сяброў абвінавачаных. Пракурор лічыць таксама, што падазроныя павінны знаходзіцца пад мерамі бяспекі, адвакаты не пагаджаюцца.

Пракурор ў сваім выступе па прадстаўленню абвінавачвання сцвярдже, што Дашкевіч Зьміцер у групе з Эдуардам Лобавым 18 снежня 2010 г. каля дома 24 па вуліцы Я.Брыля насуперак нормам маралі з хуліганскіх намераў напаў на Алега Малышава і Канстанціна Савіцкага, учыніў гвалт Малышаву ўдарам у выглядзе пабоя (нанёс удар у вобласць жывата) аказаў супраціў Савіцкаму (удар у вобласць пляча і фомкай у вобласць ілба),  чым здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч.3 арт.339 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Факт пабояў і кароткачасовага растройства здароўя пацьверджаны вынікам медэкспэртызы.

Сваю віну Дашкевіч і Лобаў не прызнаюць. Па сцвярджэнню пракурора яна падцвярджаецца паказаннямі пацярпелых і матэрыяламі следзтва.

У судовым паседжанні адвакаты і абвінавачаныя прасілі зямяніць звычайны парадак вывучэння матэрыялаў справы, а менавіта дапытаць пацярпелых і сведкаў адразу, каб у іх не было магчымасці узгадняць свае паказанні, а толькі потым дапытаць абвінавачаных, на што пракурор унёс пярэчанне, суддзя прыняла бок апошняга. Такім чынам у судзе была створаная сітуацыя, калі пацярпелыя, адсутнічаючыя ў залі суда, маглі кантактаваць са сведкамі пасля іх паказанняў для ўзгаднення сваёй пазыцыі.

Пасьля заслухоўвання пракурора, суд перайшоў да допыту Зміцера Дашкевіча. На папярэднім следзтве ён адмаўляўся ад дачы паказанняў. На судзе ж ён распавёў сваю версію падзей. Так, 18 снежня 2010 г. каля 16 гадзін дня ён разам з Лобавым і Лазарам знаходзіўся каля дома 24 па вуліцы Я.Брыля, калі пабачыў непадалёк групу людзей (каля 5 чалавек). Адзін з іх размаўляў па тэлефоне, даляталі абрыўкі фраз “яны тут… што рабіць?..” . Ад гэтай групы аддзяліліся двое (потым гэтымі людзьмі апынуліся “пацярпелыя” Савіцкі і Малышаў). Яны сталі перад Дашкевічам, запыталіся на нумар дома і папрасілі прыкурыць, пасьля чаго раптам з крыкамі "міліцыя, нас збіваюць!" накінуліся на яго, удвух звалілі яго тварам у снег і прыціснулі да зямлі. Адзін заламаў руку й трымаў яе некаторы час, потым нехта трэці, пасля чаго пад’ехала машына са спецназам і затрымала ўсіх. Усяго падзеі разгарнуліся за 5 хвілін. На зямлі ён ня бачыў, што адбывалася з Лобавым і Лазарам. У РУУСе “пацярпелых” хутка аддзялілі і вызвалілі, але пра сутнасць абвінавачання ён даведаўся толькі праз некаторы час у ізалятары. Таксама Дашкевіч патлумачыў, што некаторыя з групы людзей раней сачылі за імі, да таго ж ужо ў лежачым стане паміж імі хадзіў чалавек і размаўляў па тэлефоне. Да іх таксама падыйшоў мужчына, якога Зміцер прасіў выклікаць міліцыю, але “пацярпелыя” сказалі, што яны сам выклікалі міліцыю. На пытанне пракурора Дашкевіч зазаначыў, што ведаў аб наяўнасці ў Лобава фомкі, але што Лобаў будзе нейкім чынам выкарыстоўваць фомку, канешне, ня ведаў. На пытанні адваката зазначыў, што так і не даведаўся, хто выклікаў міліцыю, а таксама нехта побач па тэлефоне казаў “ну дзе вы ездзіце?”. У аўтобусе спэцназа бачыў толькі кроў на твары Лобава. Самаго Дашкевіча таксама збівалі, калі кідалі на зямлю. Распавёў таксама пра рэчы, якія меў пры сабе (спальнік, цёплае адзенне і іншыя, “каб жыць у няхатніх умовах”), паколькі неаднаразова перад акцыямі яго кудысці звозілі. Наконт Лазара сказаў, што бачыў толькі, што ў яго пашкоджаная нага, таму ён ляжаў на снезе на спіне і яго нават ніхто не трымаў.  

Пасьля 16 пачаўся допыт Эдуарда Лобава. Там ён паўтарыў паказанні Дашкевіча, адносна сябе сказаў, што пасьля таго як павалілі Дашкевіча, Малышаў трымаў яго, а Савіцкі ўдарыў Эдуарду кулаком у вусны. Той зрабіў некалькі крокаў назад і дастаў з торбы фомку, каб псіхалагічна прыгразіць, і патрабаваў спыніць агрэсію. Аднак Савіцкі накінуўся на яго, ударыў па руцэ, фомка выпала, а яго паклаў жыватом на снег, прыціснуў каленам спіну, нанёс некалькі ўдараў кулакамі па галаве, потым яго падмяніў Малышаў. Лобаў паспеў перавярнуцца на спіну, пабачыў Лазара на спіне і Дашкевіча на жываце. Бачыў толькі, што Лазара білі нагой, а Дашкевіча рукамі. Па яго патрабаванню яму зрабілі медэкспэртызу на наступны дзень у ізалятары, вынік яму невядомы. Падзеі расцэньвае як правакацыю.

Судзьдзя удакладняла, ці было што ў руках у Савіцкага і ці была неабходнасць даставаць фомку. Лобаў патлумачыў, што была неабходнасць псіхалагічная, каб спыніць напад, але біць нікога ёй не збіраўся і ня біў.

Затым суд перайшоў да допыту першага пацярпелага -  Малышава Алега Сяргеевіча, 1981 года нараджэння, нарадзіўся ў п.Ждановічы Менскага р-ну, адукацыя сярэдняя, часова беспрацоўны. Ён распавёў сваю версію падзеяў. Так, 18 сьнежня 2010 г. на папутцы за 7 тыс. ехаў ад праспекта Дзяржынскага, высадзілі яго ў невядомым для яго месцы, дзе ён выпадкова сустрэў свайго сябра Савіцкага Канстанціна. Яны ўдвух падышлі да трох маладых людзей (Дашкевіча, Лобава й Лазара), запыталіся як прайсці на прыпынак. Малышаў зрабіў паўабарота каб сысці, як Савіцкі яшчэ папрасіў запаліць у іх, на што Дашкевіч раптоўна нанёс Малышаву ўдар у вобласць жывата, Савіцкі адштурхнуў Дашкевіча, а Лобаў нібыта замахнуўся нанесці ўдар Савіцкаму ў галаву, аднак той заўважыў, ухіліўся і удар прыйшоўся па плячы. Потым Лобаў нацягнуў на твар Савіцкаму шапку і нанёс удар фомкай па галаве. Сам Малышаў счапіўся з Дашкевічам, яны сталі катацца па снезе. Праз 5 хвілін прыехала машына спецназа і ўсіх затрымалі. Бачыў кроў у Савіцкага на твары, з РУУСа выклікалі хуткую.

Затым суд дапытаў Савіцкага Канстанціна Аляксандравіча, 1979 года, народжаны ў г.Самара (Расея). Адукацыя сярэдняя, беспрацоўны. З цэнтру ехаў на папутцы да гэтага раёну, некаторы час быў у гасцях у сяброў, пасля чаго выпадкова сустрэў Савіцкага. Што за сябры – тлумачыць адмовіўся, бо адчуваў расправу, асабліва пасьля таго, як вакол яго дома зьявіліся улёткі пра яго сведчанні. Па падзеях распавядае аналагічна Малышаву. Удар  па ілбе Лобава апісаў як “моцны, добры, аж іскры з вачэй паляцелі”, але пры гэтым прытомнасць не згубіў і змог змагацца з Лобавым. Паміж тым, як Лобаў нанёс удар па галаве Савіцкаму й нацягнуў шапку прайшло 2-3 секунды. Заявіў таксама, што ўсім пры затрыманні нацягвалі шапкі. Ужо ў РУУСе вызначылі, што яны “пацярпелыя”, выклікалі хуткую і ён апынуўся ў 9 шпіталі, дзе паставілі дыягназ “рассячэнне”, але “швы накладаць ня сталі, бо неэстытычна”, адпусьцілі, да хірурга зьвяртацца не сталі. Мар’яна Семешка (адвакат Дз.Дашкевіча) заўважыла, што ў першым пратаколе допыту адсутнічае яго хатні адрас і кантактны тэлефон, з чым Савіцкі не пагаджаўся.

Абодва пацярпелыя дазвалялі сабе хаміць, адводзіць пытаньні адвакатаў і пацярпелых, ужывалі абразлівыя выразы.

Па просьбе Мар’яны Сямешкі суддзя агучыла пратаколы допыту “пацярпелых” на следзтве, дзе былі пэўныя разыходжанні з апошнімі паказаннямі. Да таго ж пратаколы былі абсалютна ідэнтычныя і напісаныя з выкарыстаннем прафесійнай юрыдычнай лексікі, чым не могуць валодаць пацярпелыя. Гэтыя абставіны пацярпелыя не патлумачылі, бо суддзя зняла пытанне на гэтую тэму.

Затым быў дапытаны сведка Мілінец Юрый Яўгенавіч, камандзір узводу спецназу, які нёс патрульную службу на мікрааўтобусе 18 сьнежня 2010 г. Распавёў, што паступіў сыгнал пра драку, праз 5 хвілін пад’ехаў на месца, там сталі разнімаць, усіх 5 затрымалі, забралі з месца ўсе рэчы, у тым ліку і фомку. Ён прыехаў на машыне, а пехатой падышлі яшчэ Тозік і Зінкевіч. Пасьля затрымання паспрабавалі запісаць дадзеныя відавочцаў, але пагадзіўся толькі адзін.  У РУУСе пабачылі кроў у Савіцкага, выклікалі яму хуткую, вызначылі, што ён і Малышаў пацярпелыя. Чаму адбыўся канфлікт так і не высветлілі. Ці ўжывалі да каго спецсродкі – не памятае, пазней толькі выказаў верагоднасць выкарыстання кайданкоў. Асабіста затрымліваў Савіцкага. Ня бачыў, каб камусці нацягвалі шапкі на галаву. Ня змог патлумачыць, чаму затрымалі Лазара, калі ён проста ляжаў. Савіцкі і Лобаў не хацелі адразу ісці ў аўтобус.

Мар’яна Сямешка папрасіла агучыць са справы рапарт, які датаваны 18.12.2010 г. Там сьведка пісаў, што змагаліся 2 пары і некалькі чалавек стаялі ўбаку, што пры затрыманні Лобаў лаяўся матам, ажыццяўляў непадпарадкаванне, таму да яго ўжылі спецсродак – фізічную сілу (іншых  спецсродкаў не ўзгадаў).

Такім чынам, за першы дзень працэсу можна зрабіць наступныя папярэднія высновы:

1. Судовае паседжанне адбываецца з яўным абвінаваўчым ухілам, не задавальняюцца важныя хадайніцтвы адвакатаў. Адсутнасць у залі суда пацярпелых не прадстаўляе магчымасці весці паўнавартасны допыт гэтых асоб;

2. Супярэчлівыя паказанні пацярпелых і сведкаў, а таксама хуткае з’яўленне на месцы здарэння супрацоўнікаў спецназу наводзіць на думку на спланаваную правакацыю ў дачыненні да моладзевых дэмакратычных  актывістаў;

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства