viasna on patreon

На непаўнагадовую магілёўскую актывістку пратакол складзены заднім чыслом

2011 2011-03-16T11:04:48+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/supracounik_milicyji.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

15 сакавіка магілёўская актывістка Наталля Шкадун атрымала па пошце ліст, у якім знаходзіўся пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні на яе непаўнагадовую дачку Ганну. Нагодай для складання гэтага пратакола быў удзел Ганны, разам са сваёй маці і іншымі актывістамі “Маладога Фронту”, у акцыі салідарнасці, якая адбылася 16 студзеня 2011 года.

“Хачу адзначыць, што ніякага пратаколу на маю дачку пры мне не складалася, - гаворыць Наталля Шкадун, - 2 сакавіка я прысутнічала пры апытанні маёй дачкі інспектарам Уладзімірам Радзевічам і ў маёй прысутнасці ён апытваў яе, але не складаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні”.

Наталля адзначае, што там, дзе павінен стаяць подпіс асобы, на якую складаецца пратакол пазначана, што асоба ад подпісу адмовілася.

“З гэтай нагоды я збіраюся пісаць скаргі ў Пракуратуру і Магілёўскае абласное ўпраўленне ўнутраных справаў, бо фактычна гэта ёсць падробка пратакола”, - гаворыць Наталля Шкадун.

Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што інспектар Радзевіч парушыў кодэкс аб адміністрацыйным правапарушэнні.

“Пісаць так пратаколы нельга – гэта падробка, якая будзе абскарджана намі ў абавязковым парадку. Вельмі проста даказаць, што пратакол складаўся не ў тым месцы, не ў той час і не з тымі сведкамі. Сёння гэты пратакол ужо несапраўдны, бо ўчора 15 сакавіка сцёк двухмесячны тэрмін, у які можна было прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці. Гэты інспектар альбо не ведае заканадаўства, альбо хацеў нейкім чынам выслужыцца”, - гаворыць Барыс Бухель.

"Праваабарончая хроніка"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства