viasna on patreon

Віктар Адзіночанка: «Людзі адчуваюць, што іх падманулі, але што рабіць з гэтым - не ведаюць»

2011 2011-03-15T16:23:19+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/adzinochanka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца, сябра БХК Віктар Адзіночанка

Праваабаронца, сябра БХК Віктар Адзіночанка

Пра рэпрэсіўныя хвалі, якія рэхам дакаціліся да Гомельскай вобласці пасля падзеяў 19 снежня ў Мінску, стан грамадзянскай супольнасці, парушэнні правоў чалавека ў рэгіёне размова з гомельскім праваабаронцам, прадстаўніком Беларускага Хельсінскага камітэту Віктарам Адзіночанкам.

 

--- Ці закранулі рэпрэсіі, якія распачала ўлада пасля падзеяў у Мінску 19 снежня, актывістаў, правабаронцаў, журналістаў у Гомельскай вобласці?

 

--- Безумоўна, рэгіён не застаўся па-за пільнай увагай супрацоўнікаў міліцыі і спецслужбаў. Некаторыя гамельчукі, якія прымалі ўдзел у Плошчы, атрымалі па адміністрацыйных справах тэрміны пакарання, а па вяртанні на радзіму на іх пачалі ціснуць з боку адміністрацый навучальных устаноў. Напрыклад, навучэнец аднаго з гомельскіх каледжаў Руслан Мікіценка атрымаў 10 сутак за ўдзел у Плошчы, а па вяртанні ў Гомель яго двойчы выклікалі на допыт у мясцовы КДБ, адміністрацыя каледжа і псіхолаг праводзілі з ім прафілактычныя гутаркі і прапаноўвалі пачытаць як КаАП, так і газету «СБ-Беларусь Сегодня». У Гомелі, Мазыры, Рагачове, Жлобіне і Светлагорску прайшлі ператрусы ў актывістаў партый, рухаў, грамадзянскіх кампаній. КДБ у асноўным цікавіўся камп'ютарамі ды носьбітамі інфармацыі. У Гомелі на офісе АГП ператрусы прайшлі двойчы. У юрыста Леаніда Судаленкі канфіскавалі камп'ютары, прычым як на працоўным месцы, так і дома. Пакінулі без «прылад працы» - камп'ютараў, дыктафона, фотаапарата і відэакамеры журналістку Ларысу Шчыракову. Яшчэ 18 снежня былі затрыманы давераныя асобы экс-кандыдатаў у прэзідэнты Юрый Клімовіч, Валер Сляпухін і Юрый Захаранка. Яны адбылі адміністрацыйны арышт за «брудную лаянку ў грамадскім месцы». Абсурднае абвінавачванне, тым больш, напрыклад, Захаранку затрымалі каля паловы шостай раніцы. 8 сутак адсядзеў у ІЧУ і Кастусь Жукоўскі, які здымаў на відэакамеру будынак КДБ. Яго таксама абвінавацілі ў бруднай лаянцы.

Мэтай гэтай хвалі рэпрэсій было, як я лічу — збіць супраціў. Дарэчы, у Гомельскай вобласці актывісты замовілі 27 пікетаў салідарнасці з палітзняволенымі, але ўлады забаранілі іх праводзіць.

 

–- Вы ўжо больш за дзесяць гадоў займаецеся абаронай правоў чалавека, у тым ліку назіраеце на выбарах. Ці мела апошняя прэзідэнцкая кампанія нейкія асаблівасці?

 

---- Сюрпрызаў не было - адразу было вядома імя пераможцы. Былі нейкія разыходжанні ў тым, які працэнт галасоў яму напішуць. Сітуацыя была такая, што выбараў не было, а толькі інсцэніроўка. Але ўлады спачатку спрабавалі правесці выбары так, каб іх успрынялі на Захадзе, што быццам ёсць паляпшэнні, і прысутнічае нейкая знешняя прыстойнасць. І таму ў перыяд збору подпісаў, агітацыі дазвалялася вельмі шмат, нават тое, што ўлады б ніколі не дазволілі раней. Напрыклад, гарвыканкам прыняў пастанову, дзе пералічыў месцы для пікетаў і агітацыі, а ініцыятыўныя групы кандыдатаў заявілі, што яны ў тыя вызначаныя месцы не пойдуць, і запатрабавалі іншыя месцы. Гарвыканкам, як не дзіўна, пайшоў насустрач, і змяніў месцы для агітацыі. І сапраўды, людзі стаялі з пікетамі на іншых месцах, і іх ніхто не кранаў. Праўда, былі напады на пікеты альтэрнатыўных кандыдатаў. Хаця, што не кажы, ўлады паслядоўна праводзілі сваю лінію. Мы назіралі на ўсіх этапах прэзідэнцкай кампаніі, магу з упэўненасцю сказаць, што парушэнні былі на кожным з гэтых этапаў.

 

---- Як вы ахарактэрызуеце сітуацыю з правамі чалавека ў Гомельскай вобласці за апошнія 10 гадоў, якія вы працуеце тут?

 

–- Абарона правоў чалавека — гэта працэс. Я займаюся, напрыклад, таксама абаронай правоў вернікаў. І хачу сказаць, што гэта тая сфера, дзе ўлады ідуць на дыялог. Магу сказаць з упэўненасцю, што ўсе справы, за якімі я пільна назіраў, былі вырашаны пазітыўна. Нават тыя, якія былі вельмі цяжкімі. То бок ў гэтай сферы ўлады не хочуць канфліктаў і ідуць на кампрамісныя рашэнні. Што тычыцца права на справядлівыя выбары — то тут улада не ідзе ні на якія дыялогі, тут прамы падман, тут вельмі жорстка, вельмі непрыемны сам працэс назірання. Хоць у гэтую кампанію мяне адкрыта і жорстка, як раней, прадстаўнікі ўлады не абражалі. Былі абразы, але ад тых шараговых сябраў камісіі, якія не зарыентаваліся. А на парламенцкіх выбарах 2008 года са мной, ды і з іншымі назіральнікамі, вельмі жорстка размаўлялі. Зараз такога не было. Мы змаглі правесці назіранне і выявіць, наколькі нам удалося, аб'ектыўную карціну.

 

---У якім стане знаходзіцца грамадства пасля прэзідэнцкіх выбараў? Нейкі след ў грамадстве пакінулі выбары, ці людзі у большасці абыякава аднесліся як да вынікаў галасавання, так і да рэпрэсій пасля падзеяў на Плошчы?

 

--- Упэўнены, што падзеі 19 снежня не пакінулі абыякавымі людзей, грамадства. Я сам у працэсе назірання бачыў настрой грамадства. У час збора подпісаў людзі паводзілі сябе актыўна — ставілі подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў, падыходзілі да пікетаў, выказваліся. І бачна, што тая сітуацыя, якая ёсць зараз у Беларусі, яна значнай частцы грамадства абрыдла. Але наша праблема ў тым, што у нас няма аб'ектыўных вынікаў выбараў, мы не ведаем расклад сілаў, то бок тую лічбу, што яны намалявалі за дзейснага кіраўніка дяржавы — яна наогул не адпавядае рэчаіснасці. Гэта я кажу адказна, грунтуючыся на свіах назіраннях у працэсе выбарчай кампаніі. Можа, у мяне нейкі ўнікальны вопыт, хаця наўрад ці. За гэта гаворыць той факт, што ў Мінску ўсе-ж такі выйшла на Плошчу дастатковая колькасць людзей. І хваля салідарнасці з тымі, хто трапіў за краты — гэта таксама сведчыць аб настроях у грамадстве. На мой погляд, людзі, тыя, хто не галасавалі за Лукашэнку, большасць з іх пра гэта не кажа. Не таму, што баяцца, а па інэрцыі, на ўсякі выпадак, а ў прыватных размовах вынікае, што людзі абураныя. Тым, што яны галасавалі не за Лукашэнка, і знаёмыя галасавалі не за яго, а ён набраў амаль 80% - за кошт чаго? То бок людзі абураныя, што яны пайшлі галасаваць, а іх галасы былі скрадзеныя — у значнай часткі людзей. Але зноў жа — наша праблема ў тым, што мы не ведаем аб'ектыўных вынікаў выбараў. Мы можам нешта казаць, але рэальных лічбаў у нас няма.

 

---- Ці ёсць праблема ў жыхароў Гомельскай вобласці з правам на атрыманне праўдзівай інфармацыі аб тым, што адбываецца ў краіне?

 

---- Чалавек, які хоча нешта даведацца — ён даведаецца. Апроч Інтэрнэту, у нас ёсць выданні «Наш ніва», «Народная воля», якія можна набыць ў шапіках. Упэўнены: чалавек, які хоча атрымаць інфармацыю, ён яе атрымае. Тут праблема не ў недахопу інфрамацыі. А, на мой погляд, у адсутнасці ў людзей вопыту грамадскага жыцця. То бок яны адчуваюць, што іх падманулі, але што рабіць з гэтым — яны не ведаюць.

 

---- Ёсць неякія прагнозы ці спадзяванні на тое, што сітуацыя будзе паляпшацца, напрыклад, да парламенцкіх выбараў?

 

--- Сітуацыя павінна паляпшацца. Думаю, што ўлада паспрабуе весці дыялог, цяжка толькі казаць, на колькі ёй гэта ўдасца. Вельмі цяжка. Бо калі паглядзець на прэзідэнцкую кампанію - быццам улады і хацелі нейкі дыялог зрабіць, а што у выніку атрымалася — мы ведаем.

"Праваабарончая хроніка"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства