viasna on patreon

Журналістку Таццяну Бублікаву папярэдзіла пракуратура

2011 2011-03-02T09:08:02+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Журналістка атрымала афіцыйнае папярэджанне за працу 19 снежня на плошчы Незалежнасці без акрэдытацыі. Хоць раней суд яе пакараў за тое, што яна прысутнічала на плошчы як “удзельніца несанкцыянаванага мерапрыемства”.

Таццяна Бублікава кажа, што пры вынясенні папярэджання пракурор Павал Елісееў спасылаўся на пратакол яе затрымання на плошчы. У ім журналістка напісала, што выконвала там рэдакцыйнае заданне. У якасці доказаў ёй таксама былі прад’яўлены фота, на якім Бублікава бярэ інтэрв’ю ў удзельнікаў акцыі, а таксама раздрукоўкі матэр’ялаў з інтэрнэту, дзе маркерам былі падкрэслены фразы, што Бублікава супрацоўнічае з тэлеканалам “Белсат”.

“20 снежня суд маім сведчанням не паверыў і мяне асудзілі на 10 сутак адміністратыўнага арышту за тое, што я нібыта выкрыквала антыдзяржаўныя лозунгі. Пракурор жа гэтым папярэджаннем фактычна прызнаў, што суд пакараў мяне беспадстаўна”, — адзначае Таццяна Бублікава.

Тым не менш, з рашэннем пракуратуры журналістка не згодная. Таццяна гаворыць, што спрабавала патлумачыць пракурору, што яна працуе як пазаштатны журналіст на польскую фірму «N.E.W.S. Informacje», якая не з’яўляецца СМІ: “Аднак, гэтыя тонкасці для пракурорскага розуму недасягальныя”.

Журналістка указвае на тое, што падпісанае ёй папярэджанне датавана 16 лютым. І задае рытарычнае пытанне: навошта яе было выклікаць на размову, калі ўсё вырашылі амаль два тыдні таму?

Таццяна Бублікава паведаміла “Белсату”, што збіраецца абскардзіць у пракуратуре і прысуд, і афіцыйнае папярэджанне пракуратуры, бо фармулёўка, што яна працуе на замежнае СМІ, не адпавядае рэчаіснасці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства