Затрыманьні пад час акцыі ля будынку КДБ. Суды пачнуцца ў 10 раніцы
30 студзеня а 18-й гадзіне ля цэнтральнага ўваходу ў будынак КДБ у Менску адбылася несанкцыянаваная акцыя салідарнасьці з палітычнымі вязьнямі. Да будынку КДБ выйшлі людзі з партрэтам Андрэя Саньнікава і надпісам "Свабоду Саньнікаву". Міліцыя перашкаджала сабрацца на акцыю, пагражаючы затрыманьнямі.
Праз дваццаць хвілін пад'ехаў аўтазак, пастаяў некалькі хвілінаў і ад'ехаў. На месцы засталіся ўдзельнікі акцыі і міліцыянты. Людзі пакрысе пачалі разыходзіцца.
Пад час акцыі было затрымана 7 чалавек, сярод якіх - Максім Вінярскі, Зьміцер Бойка, Кася Людвіг, Паліна Кур’яновіч, Леанід Кулакоў, Марына Адамовіч.
Усе затрыманых заўтра будуць судзіць за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Мяркуецца. што суды распачнуцца ў 10 раніцы па адрасе: вул. Кірава, 21 (Суд Цэнтральнага раёну Менска.)