Слухайце штотыднёвую праваабарончую праграму “Людзьмі звацца!” на хвалях Радыё Рацыі
Кожны аўторак у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Радыё Рацыя” - праграма “Людзьмі звацца!”, якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека на Беларусі.
Чарговая праграма складаецца з наступных рубрык: “Хроніка пераследу”, “Інтэрв’ю са змагаром за дэмакратычныя каштоўнасці” і “Захаваем жыццё”.
Час выхаду праграмы ў эфір – 15-05 (паўтор - серада 0:05-1:00 і субота 7:05-8:05). Таксама ў гэты час яе можна слухаць праз інтэрнэт на сайце www.racyja.com.
Сёння, 4 студзеня, у чарговым выпуску праграмы “Людзьмі звацца!” слухачоў чакаюць агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека, у якой прадстаўлены найбольш гучныя факты пераследу за мінулы тыдзень. Прычым інфармацыя падаецца двума асобнымі блокамі: у першым прадстаўлены агляд апошніх падзеяў, датычных крымінальных і адміністратыўных спраў, узбуджаных напярэдадні і пасля правядзення акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. У працяг – самая апошняя інфармацыя пра пераслед грамадска-палітычных актывістаў,ператрусы у рэдакцыях незалежных СМІ і на кватэрах журналістаў.
Далей у праграме - гутарка з праваабаронцай Настай Лойка, якая актыўны каардынавала дзеяньні па аказаньні дапамогі сотням затрыманым і арыштаваным удзельнікам акцый пратэсту. Яна распавядае аб тым, з якімі цяжкасцямі сустрэліся праваабаронцы пад час сваёй дзейнасьці, якія ўмовы ўтрыманьня ў ізалятарах часовага ўтрыманьня і аб тым, як вызваленыя удзельнікі акцый спрабуюць адстаяць свае грамадзянскія правы, груба парушаныя пад час затрыманняў і фармальнага судовага разгляду.
У рубрыцы “Захаваем жыццё”, якая прысвечаная праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі, размова пойдзе пра падачу індывідуальных паведамленняў у Камітэт па правах чалавека ААН Алегам Грышкаўцовым і Андрэем Бурдыкам, якія прысуджаныя да пакарання смерцю. Сітуацыю каментуе праваабаронца Раман Кісляк.
У музычных паўзах – пранікнёныя песні беларускага барда Алеся Камоцкага .
Радыё Рацыя – першае незалежнае інфармацыйна-забаўляльнае FM-радыё ў Польшчы на беларускай мове. Галоўнай мэтай Беларускага Радыё Рацыя з’яўляецца стварэнне грамадзянам Беларусі доступу да незалежнай інфармацыі аб падзеях і развіцці сітуацыі ў Беларусі, Польшчы, Еўропе ды свеце.