Палітолягу Андрэю Суздальцаву загадалі пакінуць тэрыторыю Беларусі
Пра гата паведамляе Радыё Свабода Беларускія ўлады дэпартуюць з краіны палітоляга і незалежнага журналіста Андрэя Суздальцава.
17 сакавіка грамадзяніна Расеі палітоляга Андрэя Суздальцава выклікалі ў адзел грамадзянства і міграцыі Фрунзэнскага райадзела міліцыі Менска, дзе анулявалі ягоны від на жыхарства і загадалі да 23 сакавіка зьехаць зь Беларусі.
Паводле Андрэя Суздальцава, прычынаў рашэньня яму не патлумачылі. Палітоляг тлумачыць такое рашэньне помстай за артыкулы, прысьвечаныя выбарчай кампаніі ў Беларусі: "Мая дэпартацыя — толькі маленькі штрых да вобразу гэтай па сутнасьці паразытуючай дзяржавы, якую стварыў Лукашэнка, прыкладам таго, як яна абыходзіцца з грамадзянамі краіны, на датацыі якой існуе".
Андрэй Суздальцаў вядомы крытычнымі артыкуламі на адрас беларускіх уладаў. Свае артыкулы ён друкаваў у шэрагу незалежных выданьняў Расеі і Беларусі. У Беларусь Андрэй Суздальцаў прыехаў 13 гадоў таму з Уладзівастоку. У Менску застаюцца ягоная жонка і двое дзяцей, як ён падкрэслівае, беларускамоўных. Куды дакладна зьедзе сам Андрэй Суздальцаў ён пакуль ня ведае.