Генпракуратура «пашкадавала» наконт памылак Вярхоўнага суду
Генпракуратура Беларусі прызнала абгрунтаванасьць некаторых
скаргаў з боку жанчын, якія шмат гадоў заяўляюць пра несправядлівыя
судовыя рашэньні ў сваіх справах альбо справах сваякоў.
Паводле
афіцыйнага сайту Генпракуратуры, 14 сьнежня адтуль у Вярхоўны суд быў
накіраваны ліст, у якім выказваўся жаль, што Вярхоўны суд не задаволіў
некаторыя пратэсты па гэтых справах. Паводле зьвестак з Генпракуратуры,
там ужо вынесеныя 4 пратэсты на прысуды, якія абскарджвалі жанчыны,
а таксама запатрабаваныя з судоў яшчэ 10 спраў. Іх абяцаюць праверыць
дадаткова.
Звыш сотні грамадзянаў, большасьць зь якіх — жанчыны,
ужо шмат гадоў вядуць змаганьне за перагляд спраў, якія лічаць
незаконнымі. Ініцыятыва атрымала назву «Жанчыны супраць беззаконьня
ў судах і пракуратуры». Актывісткі дзясяткі разоў скардзіліся ў Вярхоўны
суд, адміністрацыю Лукашэнкі, напісалі ў Камітэт правоў чалавека ААН
у Жэнэву, правялі некалькі пікетаў і пачалі далучацца да акцыяў
апазыцыі. У прыватнасьці, шмат разоў жанчыны скардзіліся генэральнаму
пракурору Рыгору Васілевічу, але зноў і зноў атрымлівалі фармальныя адказы.
6 сьнежня,
калі ў Менску адкрыўся 4-ы Ўсебеларускі народны сход, больш
за 10 актывістаў ініцыятывы правялі пікет на плошчы Свабоды, пасьля чаго
аднесьлі ў Палац рэспублікі зварот да ўдзельнікаў сходу. Некалькі
гадзін яны прастаялі ў вэстыбюлі, пасьля чаго з актывісткамі пагаварыў
кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ўладзімер Макей. Праз
тыдзень некалькі актывістак ініцыятывы зноў сустрэліся зь ім, і тады
нарэшце пачалася дэталёвая праверка скаргаў. Яшчэ праз тыдзень
Генпракуратура прызнала некаторыя са скаргаў абгрунтаванымі.