Здымачную групу украінскага "5 каналу" не ўпусьцілі ў Беларусь
Журналіста Андрэя Жыгуліна і апэратара Віталя Дарашэнку беларускія памежнікі высадзілі з цягніку Кіеў-Менск уначы без тлумачэньня прычынаў. Хаця, як паведамляе сайт тэлекампаніі, супрацоўнікі "5 каналу" мелі неабходныя дакумэнты ад Міністэрства замежных справаў Беларусі на прафэсійную дзейнасьць у Беларусі падчас прэзыдэнцкіх выбараў.
"Прыблізна а першай гадзіне ночы на беларускай мяжы на станцыі Цяроха беларускія памежнікі падчас праверкі дакумэнтаў не тлумачачы прычыну забралі пашпарт і картку акрэдытацыі працаўніка СМІ, выдадзеную МЗС Беларусі, апэратару Пятага каналу Віталя Дарашэнкі. Аналягічную картку забралі і ў мяне і сказалі чакаць. Празь нейкі час прагучаў загад зьбіраць рэчы", - распавёў Андрэй Жыгулін.
"Дакумэнты нам аддалі толькі пасьля таго як выйшлі зь цягніку. Іх перадалі ў памяшканьне памежнай службы. Больш за дзьве гадзіны беларускі памежнікі не патлумачыўшы прычынаў сваіх паводзінаў, спасылаючыся на праверку дакумэнтаў, проста гралі ў кампутар і трымалі нас у маленькім пакойчыку, не прыстасаваным для звычайнага чаканьня", - паведаміў ён.
Прыкладна а палове на чацьвёртую ночы да ўкраінскіх журналістаў прыйшоў чарговы памежнік і без тлумачэньня прычынаў загадаў накіроўвацца за ім да цягніку Менск-Кіеў. Яны даехалі да ўкраінскай тэрыторыі, дзе іх зноў высадзілі зь цягніку.
Зараз здымачная група "5 каналу" вяртаецца ў Кіеў. Нагадаем, 12 сакавіка ў Менску ў часе жывога эфіру затрымала карэспандэнтку "5 каналу" Ганну Гаражэнку. Яе вызвалілі толькі пасьля ўмяшальніцтва ўкраінскай амбасады. http://www.zubr-mogilev.org