У Гародні супрацоўнік міліцыі зьбіў прадстаўніка каманды Казуліна
Пра гэта паведаміла Радыё Свабода.Увечары 14 сакавіка ў Горадні прадстаўніка каманды Казуліна Міколу Ворана жорстка зьбіў міліцыянт. Гэта адбылося ў той час, калі спадар Воран у інтэрнаце заводу аўтаагрэгатаў распаўсюджваў улёткі Аляксандра Казуліна.
А 20-й гадзіне Мікола Воран знаходзіўся ў шпіталі хуткай дапамогі, куды быў дастаўлены з пастарунку. Палату ахоўвае міліцыянт, каб даставіць пацярпелага назад у пастарунак, як мяркуе сам спадар Воран. Разам зь ім знаходзіцца адвакат Уладзімір Кісялевіч, які таксама дзейнічае ў камандзе Казуліна. Спадар Кісялевіч паведаміў, што пацярпелы у вельмі дрэнным стане, праўда доктар, агледзеўшы яго, сказаў, што страсеньня мазгоў нібыта няма. Сам Мікола Воран сказаў карэспандэнту Радыё Свабода па тэлефоне, што ўкідаў у паштовыя скрынкі праграму Казуліна. Зьнянацку нехта ўзяў яго за плячо: "Супрацоўнік міліцыі Галякевіч Мікалай прапанаваў мне спыніць распаўсюд улётак і пачаў выклікаць нарад міліцыі. Я запытаўся - у чым прычына? Ён сказаў, што ўжо выбары пачаліся, і агітацыя забаронена, — у іх такі загад".
Паводле Міколы Ворана, міліцыянт пачаў яму пагражаць: "Ну, тады я выняў свой мабільны тэлефон і пачаў тэлефанаваць спадару Кісялевічу, адвакату. Ён як пачуў гэта, адразу схапіў мяне, пачаў круціць руку і — галавой аб сьцяну. Далей я слаба памятаю, толькі памятаю, як мяне прывезьлі ў пастарунак міліцыі".
Зьбітага міліцыянтамі ў Горадні удзельніка каманды А.Казуліна Міколу Ворана са шпіталя хуткай дапамогі забралі міліцыянты і некуды павезьлі. Ён пасьпеў па сваім мабільным тэлефоне паведаміць адвакату Ўладзіміру Кісялевічу, што яго вязуць, каб пасадзіць у спэцпрыёмнік. Паводле спадара Кісялевіча, пасьля гэтага ён пачуў, як у Міколы Ворана адбіраюць тэлефон.