Кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандр Казулін звярнуўся ў суд Маскоўскага раёна Менску са скаргай на неправамерныя дзеянні ЦВК і нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі
Сутнасцю кафлікту, як пададзена ў скарзе, з’яўляецца “скарачэнне маіх перадвыбарчых выступленняў другога і шостага сакавіка (гэта значыць, вылучанага мне ліміту часу) па прычыне ўтрымання ў выступленні дакументальна не пацверджаных абвінавачанняў і недаставерных звестак сведчыць аб грубым парушэнні майго права як кандыдата ў прэзідэнты выкарыстоўваць дзяржаўныя СМІ у межах выбарчай кампаніі”.
Кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін просіць суд прызнаць: “... незаконным дзеянне старшыні Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Ярмошынай Л.М., якая не прыняла меры для кантроля выканання заканадаўства аб выбарах і ліквідацыі парушэнняў, дапушчаных старшынёй Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь аб нетрансляванні ў эфіры часткі майго выступлення другога сакавіка і часткі майго радыёвыступлення шостага сакавіка 2006 года, што ўшчаміла мае правы як грамадзяніна, кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь; абавязаць Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў прыняць меры па ліквідацыі вышэйназваных парушэнняў майго права як кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на выкарыстанне дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі: ліквідаваць у трохдзённы тэрмін парушэнне шляхам прадастаўлення мне магчымасці паўторнага выступлення на дзяржаўным радыё і тэлебачанні; абавязаць старшыню Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь Зімоўскага А.Л. забяспечыць мне магчымасць паўторных выступленняў на дзяржаўным радыё і тэлебачанні Рэспублікі Беларусь на вышэйуказаных умовах”, паведаміла прэс-служба Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады).