Затрыманы ўчора асобамі ў цывільным Міхаіл Волчак дастаўлены ў бальніцу хуткай дапамогі.
Хуткая дапамога была выкліканая па просьбе Міхаіла і ягонага адваката ў суд маскоўскага р-на г. Мінска ў якім мусіў пачацца разгляд ягонай адміністратыўнай справы.
Нагадаем, што Міхаіл Волчак быў схоплены ўчора асобамі ў цывільным на адной з вуліц г. Мінска. Міхаіла даставілі ў РУУС Маскоўскага р-на г. Мінска і абвінавацілі ў “дробным хуліганстве” (арт. 156 КаАП РБ). У суд Міхаіла даставілі ў цяжкім стане, у яго зламаны палец на руцэ, падскочыў ціск. Па словах Міхаіла ён быў моцна зьбіты супрацоўнікамі міліцыі.
Праваабарончаму цэнтру “Вясна” сталі вядомыя прозьвішчы “асобаў у цывільным”, якімі апынуліся супрацоўнікі АМАПу Шэйко і Кулінковіч.
Міхаіл мае намер зьвярнуцца ў пракуратуру з заявай аб узбуджэньні крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў міліцыі.
Інфармацыйны аддзел Праваабарончага цэнтру “Вясна”