Суд Цэнтральнага р-на г. Мінска арыштаваў актывіста руху “Зубр” Аляксея Ляўковіча на 15 сутак.
13 сакавіка ў судзе Цэнтральнага р-на г. Мінска адбыўся разгляд адміністратыўнай справы актывіста руху “Зубр” Аляксея Ляўковіча. Паводле пратаколаў аб адміністратыўным правапарушэньні Аляксея абвінавачвалі ў дробным хуліганстве (арт. 156 КаАП РБ). Супрацоўнікі міліцыі сьцвярджалі, што ён лаяўся матам у грамадскім месцы.
Аляксей Ляўковіч быў затрыманы 10 сакавіка трыма невядомымі ў цывільным, на адной з вуліц Мінска. Аляксея даставілі ў сьпец.прыёмнік дзе, ён утрымліваўся ўсе выходныя да разгляду справы судом.
10 сакавіка таксама быў затрыманы яшчэ адзін актывіст руху “Зубр” – Павал Юхневіч. У спец. прыёмніку Паўлу стала кепска і яму выклікалі хуткую дапамогу. Зараз Павал знаходзіцца ў шпіталі.
12 сакавіка пры такіх самых абставінах былі затрыманыя яшчэ два актывісты руху “Зубр” – Максім Вінярскі і Алег Лабаты. Іх справы на дадзены момант разглядаюцца ў судзе Фрунзенскага р-на г. Мінска.
Такім чынам улады пачалі кампанію па масавых прывінтыўных арыштах актывістаў апазіцыі на пярэдадні 19 сакавіка.
Інфармацыйны аддзел Праваабарончага цэнтру “Вясна”