У Мінску пачаліся суды над затрыманымі ўдзельнікамі сустрэчаў з кандыдатам ў Прэзідэнты Аляксандрам Мілінкевічам.
13 сакавіка ў судах Фрунзенскага, Маскоўскага, Ленінінскага раёнаў г. Мінска пачаліся судовыя працэсы над затрыманымі ўчора ўдзельнікамі сустрэчаў з кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь ад дэмакратычных сілаў – Аляксандрам Мілінкевічам.
Масавыя затрыманьні грамадзянаў прайшлі ўчора пасьля сустрэчы А. Мілінкевіча з выбаршчыкамі ў раёне Лядовага палацу і кінатэатра “Салют” у г. Мінску. Сярод затрыманых шасьцёра грамадзянаў Украіны, якія прыехалі падтрымаць беларускіх дэмакратаў. У ліку затрыманых украінцаў журналістка украінскага тэлеканалу “5 канал” Ганна Гаражэнка. Яна была затрыманая асобамі ў цывільным падчас прамога эфіру з месца падзеяў.
Праваабарончаму цэнтру “Вясна” сталі вядомыя прозьвішчы некаторых затрыманых учора грамадзянаў:
Ілля Петравец, Аляксандр Гайшык (затрыманыя пасьля сустрэчы зА. Міллінкевічам каля кінатэатра “Салют”);
Мацьвей Чысьцін, Леанід Шлойда, Аляксандр Прысмакаў (45 гадоў), Алег Ларычаў, Сяргей Мацкойц і ягоная жонка, шасьцёра грамадзянаў Украіны (затрыманыя пасьля сустрэчы з А. Мілінкевічам каля Лядовага палацу). Шмат з затрыманых былі зьбітыя асобамі ў цывільным падчас затрыманьня.
Так сама ўчора на вуліцы асобамі ў цывільным быў затрыманы актывіст перадвыбарчага штабу А. Мілінкевіча Міхаіл Волчак. Ён быў дастаўлены ў РУУС Маскоўскага р-на г. Мінска, дзе быў абвінавачаны ў тым, што лаяўся матам у грамадскім месцы (арт. 156 КаАП РБ “дробнае хуліганства”). У міліцыі яго зьбілі і зламалі палец. Сёньня пачаўся разгляд ягонай справы ў судзе Маскоўскага р-на г. Мінска.
Інфармацыйны аддзел Праваабарончага цэнтру “Вясна”