Жыхара Белаазёрску Аляксандра Кузьміна, які зьбіраў подпісы за вылучэньне Аляксандра Казуліна, суд у Бярозе пакараў штрафам на пяць базавых велічыняў
Спадар Кузьмін быў абвінавачаны ў тым, што да збору подпісаў за Казуліна ён прыцягнуў людзей, якія не былі сябрамі ініцыятыўнай групы. Гэта нібыта высьветлілі сябры раённай выбарчай камісіі, якія правяралі сапраўднасьць сабраных подпісаў. З выбарчай камісіі пра гэты факт паведамілі ў пракуратуру Бярозаўскага раёну, адкуль справу перадалі ў суд.
Падчас судовага паседжаньня заслухалі сьведку, якая паведаміла, што ня памятае, хто канкрэтна зьбіраў подпісы, аднак прыйсьці ў суд на разгляд гэтай справы ёй параілі супрацоўнікі ідэалягічнага аддзелу мясцовага райвыканкаму.
Аляксандра Кузьміна пакаралі штрафам на пяць базавых велічыняў (155 тысяч рублёў). 9 сакавіка паводле аналагічнай справы суд Бярозаўскага раёну аштрафаваў на тры базавыя велічыні Ларысу Мажэйку, якая таксама зьбірала подпісы за Казуліна, паведаміла Радыё Свабода.