Алесь Бяляцкі: Вельмі важна для нашага народу ведаць, што мы не адныя
Апошнія гады сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі толькі пагаршаецца. Пра адсутнасьць свабоды і дэмакратыі ў краіне сьведчыць і “Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека”, падрыхтаваная ПЦ “Вясна”, і заявы міжнародных праваабарончых арганізацыяў і аб’яднаньняў кшталту АБСЕ, Рады Еўропы па канкрэтных выпадках ціску на незалежную прэсу, на грамадзкія аб’яднаньні, на грамадзкіх і палітычных актывістаў. Пра гэта сьведчыць і міжнароднае ўшанаваньне той дзейнасьці, якую праводзяць беларускія праваабаронцы, якія змагаюцца за дэмакратыю ва ўмовах таталітарнага рэжыму.
1 сакавіка старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі атрымаў у Празе ганаровую прэмію “Чалавек чалавеку” ад чэскай гуманітарнай і праваабарончай арганізацыі “Чалавек у нядолі”, найбольш папулярнай праваабарончай прэміі ў Чэхіі, пра што і распавёў па вяртаньні на радзіму.
-- На Вашую думку, другая атрыманая на працягу месяца прэмія – гэта сьведчаньне той катастрафічнай сітуаціі з правам чалавека, якая склалася ў нашай краіне, ці сьведчаньне той пільнай увагі, якая расьце з боку міжнароднай грамадзкасьці да Беларусі.
-- Сапраўды, на працягу месяца мы, праваабаронцы з “Вясны”, атрымалі ўжо другую прэмію запар, прысуджаную такой вядомай у Чэхіі гуманітарнай арганізацыяй, якая займаецца абаронай правоў чалавека і гуманітарнымі праектамі, як “Чалавек у нядолі”. Гэтай прэміяй мы ўзнагароджаны за працу на працягу 2005 года. Як мне падаецца, гэта адбылося з двух прачынаў: па-першае, такім чынам чэская грамадзянская супольнасьць адзначыла актыўнасьць і выніковасьць працы беларускіх праваабаронцаў, а па-другое, натуральна, гэта зьвязана з дастаткова напружаным часам, калі рэзка ўзмацніліся рэпрэсіі беларускіх уладаў супраць грамадзкіх і палітычных актывістаў. Такім чынам чэскія праваабаронцы, чэскія грамадзкія дзеячы і палітыкі зьвяртаюць увагу ўсяго сьвету, а таксама беларускіх уладаў і беларускіх грамадзянаў на тое, што зараз на Беларусі масава і жорстка парушаюцца правы чалавека. І я думаю, што вельмі важна для нашага народу ведаць, што мы не адныя.
-- Раскажыце пра ўражаньні ад самой цэрымоніі ўручэньня прэміі.
-- Яна адбывалася ў культурным цэнтры фонда Вацлава Гавела, які месьціцца ў будынку ксьцёла, які рэстаўруецца, і пад час цырымоніі ўручэньня прэміі прысутнічала амаль тысячу чалавек – гэта былі палітыкі, журналісты, студэнты, -- людзі, якія цікавяцца сітуацыяй з правамі чалавека, і я меў магчымасьць перад імі выступіць. У сваёй прамове я падкрэсліў, што ў наш час, калі некаторыя людзі рэстаўруюць храмы, не даведзеныя яшчэ да ладу, іншыя рэстаўруюць таталітарныя рэжымы. Наш народ варты большага, чым тое, што ён мае на сёньняшні дзень. Усё, чаго мы дабіваемся для Беларусі – гэта свабоды! Свабоды для свайго народу. Пачуцьцё ўласнай годнасьці беларусаў расьце і мы перакананыя, што ўрэшце рэшт прыйдзе той час, калі нашыя людзі змогуць сапраўды кіраваць сваім лёсам і ня будуць цярпець тыя парушэньні, якія зараз дапускае беларуская ўлада ў дачыненьні да правоў чалавека.
-- З кім вы сустракаліся ў часе візіту ў Чэхію?
-- Пад час паездкі ў нас былі спатканьні з чэскімі праваабаронцамі, з палітыкамі, у прыватнасьці з старшынём чэскага Сенату, другой асобай у чэскай дзяржаве, спадаром Саботкам (P. Sobotky), з іншымі сенатарамі. Былі сустрэчы ў Міністэрстве замежных справаў, выступы на шматлікіх каналах чэскай тэлевізіі і радыё. Увогуле цікавасьць да падзей на Беларусі была надзвычай вялікай. Я хачу яшчэ адзначыць, што саму прэмію ўручаў былы чэскі Прэзідэнт, вядомы пісьменьнік і вязень сумленьня, які адседзеў пяць гадоў пры савецка-чэскай уладзе, Вацлаў Гавел. У нас з ім адбылася паўгадзінная сустрэча сам на сам, дзе мы размаўлялі зноў-такі пра Беларусь. Ён дзяліўся сваім вопытам, і для мяне асабіста гэтая сустрэча была найбольш важнай ва ўсіх мерапрыемстваў, бо я вельмі паважаю і шаную Вацлава Гавела. Ён для мяне зьяўляецца маральным аўтарытэтам, і ў мяне была цудоўная магчымасьць блізка пазнаёміцца з ім і мець з ім даволі працяглую гаворку.
-- Вы знаходзіліся ў Чэхіі як раз тады, калі на Беларусі адбылося зьбіцьцё аднаго з кандыдатаў на Прэзідэнта, журналістаў. Як адрэагавала чэская грамадзкасьць на гэтыя падзеі?
-- Усе галоўныя чэскія СМІ адразу ж далі інфармацыю пра падзеі на Беларусі. Чэхія, безумоўна, вельмі негатыўна адрэагавала на іх, якія былі ўспрынятыя як чарговы доказ ненармальнай сітуацыі з правамі чалавека ў нашай краіне.
-- Наколькі сімвалічна атрыманьне прэміі ў першы дзень вясны?.. Апроч таго не сакрэт, што створаная арганізацыя раней называлася “Вясна-96” і ў гэтым годзе ёй спаўняецца 10 гадоў. Ці падсумоўвае гэтая круглая дата вынікі вашай працы за мінулае дзесяцігодзьдзе?
-- Так. Некалькі разоў нас пазбаўлялі рэгістрацыі, але на сёньняшні дзень хачу паведаміць, што Праваабарончы цэнтр “Вясна” атрымаў рэгістрацыю ў Чэскай рэспубліцы.
-- Як вы думаеце працаваць далей?
-- Нашая галоўная задача была, ёсьць і будзе дапамагаць людзям, якія перасьледуюцца беларускімі ўладамі па палітычна-гарамадзскіх матывах. Гэтую асноўную сваю задачу мы будзем старацца рабіць усімі сваімі магчымымі намаганьнямі і сіламі.