Надзвычайная цікавасьць праваахоўных органаў да агітатараў за Мілінкевіча
6 сакавіка ў Брэсьце ў 14 гадзіне 2 міліцыянты, адзін з якіх прадставіўся як к-н Асташоў, паведамілі агітатарам за Мілінкевіча, што стаялі на скрыжаваньні вуліц Савецкай і Гогаля, Андрэю Шарэндзе і Алесе Худасоўцавай: "Нам прыйшоў загад даставіць вас у Ленінскі райаддзел". Агітатары катэгарычна адмовіліся выканаць незаконнае патрабаваньне і выклікалі давераную асобу Сьцяпана Навасельчана. На дапамогу саслужыўцам падасьпела група міліцыянтаў на чале з намесьнікам начальніка Ленінскага РАЎС і запатрабавала "ў мэтах упарадкаваньня" разьмяшчаць агітацыйныя матэрыялы ў вызначаных месцах. Агітатары і давераная асоба не пагадзіліся, "мы распаўсюджваем, а не разьмяшчаем@. Увесь працэс перамоваў запісваўся на відэа. Прыгразіўшы, што перададуць матэрыялы аб парушэньні на адміністратыўную камісію, група міліцыянтаў зышла, чым прызнала незаконнасьць сваіх патрабаваньняў.
А 20-00 група міліцыянтаў спрабавала перашкодзіць агітатарам за Мілінкевіча ў раздачы агітацыйных улётак пасьля заканьчэньня канцэрту "За Беларусь!", на ўваходзе ў ДК Прафсаюзаў л-т Тур і м-р м-цыі Юрій Міхайлавач Степусюк праверылі дакуманты некаторых агітатараў і, дакладваючы кіраўніцтву, муселі прызнаць: "Не магу я іх затрымаць. Яны толькі раздаюць".
Агітатары лічаць, што надзвычайная цікавасьць праваахоўных органаў да агітатараў за А.Мілінкевіча выклікана жаданьнем запалохаць ягоных прыхільнікаў і сарваць агітацыйную кампанію апошняга.
Адназначна дзеяньні "сілавікоў" скіраваныя на захаваньне ўлады дзеючым прэзідэнтам.