БАЖ звярнуўся да Генеральнага пракурора і міністра ўнутраных спраў па справе аб збіцці журналістаў
7 сакавіка ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" накіравала афіцыйныя звароты на імя Генеральнага пракурора РБ Пятра Міклашэвіча і міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава з просьбай прыцягнуць да адказнасці асобаў, што 2 сакавіка збівалі журналістаў і перашкаджалі іх прафесійнай дзейнасці.
"2 сакавіка мелі месца масавыя парушэнні правоў журналістаў і заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб СМІ з боку работнікаў праваахоўных органаў", - гаворыцца ў звароце. "У выніку супрацьпраўных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі і спецслужбаў некалькі журналістаў атрымалі цялесныя пашкоджанні. Карэспандэнт "Комсомольской правды в Белоруссии" Алег Улевіч дагэтуль знаходзіцца ў лякарні з пераломам касцей носа і чэрапна-мазгавой траўмай. Звяртаем увагу, што, насуперак Вашай заяве "Первому каналу" (Расія), зробленаму 4 сакавіка, журналіст атрымаў цялесныя пашкоджанні не ў выніку ўласнай неасцярожнасці альбо таго, што яго "с забора стягивали". Ён выконваў свае прафесійныя абавязкі і быў збіты пасля таго, як прад’явіў супрацоўнікам праваахоўных органаў журналісцкае пасведчанне", - uаворыцца ў звароце.
БАЖ просіць Генеральнага пракурора і міністра ўнутраных спраў:
- "высветліць і прыцягнуць да вызначанай законам адказнасці асобаў, што білі журналістаў, а таксама перашкаджалі з прымяненнем гвалту іх прафесійнай дзейнасці";
- -забяспечыць недапушчэнне такіх падзеяў у будучым;
- арганізаваць "тлумачальную працу сярод супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, ваеннаслужачых унутраных войскаў МУС РБ па давядзенні да іх палажэнняў беларускага заканадаўства, якія прадастаўляюць журналістам права прысутнічаць на месцы грамадска значных падзеяў і перадаваць адтуль інфармацыю".