viasna on patreon

У Гомелі распаўсюднікаў буклетаў Аляксандра Мілінкевіча затрымлівалі збройныя міліцыянты

2006 2006-02-25T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

23 лютага ў другой палове дня ў Гомелі міліцыя затрымала дзьве групы распаўсюднікаў агітацыйных матэрыялаў Аляксандра Мілінкевіча. Увечары міліцыянты Цэнтральнага аддзелу міліцыі сканфіскавалі амаль паўтары тысячы буклетаў Мілінкевіча.

Андрэй Толчын, які разам з Кацярынай Гаравой раздаваў буклеты ля ўнівэрмагу, распавёў радыё Свабода: “Прыйшлі два міліцыянты. Адзін быў з аўтаматам Калашнікава, другі — з пісталетам Макарава. У міліцыі мяне пратрымалі тры гадзіны. Забралі буклеты Мілінкевіча — 608 штук. Загад аддаваў Сяргей Яфіменка, маёр, намесьнік начальніка райаддзелу міліцыі. З гэтага я зрабіў выснову, што ў Гомелі выбарчай кампаніяй на карысьць Лукашэнкі займаецца і міліцыя”.

У групы Юрася Захаранкі ў Цэнтральным аддзелу міліцыі сканфіскавалі 795 буклетаў Мілінкевіча: “Гомельская міліцыя, мне здаецца, дрэнна ведае нашае заканадаўства, Выбарчы кодэкс. І таму яна служыць нейкім інструмэнтам цяперашняй улады. Нават вышэйшыя чыны, як падпалкоўнік Сіліванаў з абласной міліцыі, ня ведаюць Выбарчага кодэксу. Ён таксама ўдзельнічаў у нашым затрыманьні”.

Намесьнік начальніка Чыгуначнага райаддзелу міліцыі маёр Яфіменка адмовіўся камэнтаваць, на якой падставе ўчастковыя затрымліваюць распаўсюднікаў і сканфіскоўваюць агітацыйныя матэрыялы, выдадзеныя на сродкі Цэнтравыбаркаму. Ня змог нічога патлумачыць з нагоды канфіскацыі буклетаў і начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі абласной управы ўнутраных справаў Леанід Адзіночанка. Ён наагул заявіў, што ня ведае пра затрыманьні і канфіскацыю агітацыйных матэрыялаў кандыдата ў прэзыдэнты. Прынамсі, Цэнтральны аддзел міліцыі пра гэта яму не дакладаў.

Давераная асоба Аляксандра Мілінкевіча ў Гомелі Ўладзімер Кацора распавёў, што з прычыны затрыманьня і канфіскацыі ў распаўсюднікаў агітацыйных матэрыялаў падаў заяву ў пракуратуру, а таксама ў Цэнтральную і абласную выбарчыя камісіі: “Мы не такія слабыя, як нас афіцыйна падаюць выбарцам, грамадзянам. Мы — моцная каманда. Гэта рэакцыя слабой улады на нашы добрыя перадвыбарчыя дзеяньні”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства