viasna on patreon

БАЖ накіраваў запыт Лідзіі Ярмошынай

2006 2006-02-13T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

9 лютага ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” (БАЖ) накіравала афіцыйны ліст старшыні Цэнтральнай камісіі РБ па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзіі Ярмошынай. Паводле БАЖ, яе нядаўняя заява пра тое, што прадастаўленне кандыдатам недзяржаўных масс-медыя будзе расцэнена як “аказанне матэрыяльнай дапамогі, што забаронена законам”, заснаваная на адвольным трактаванні Выбарчага заканадаўства і супярэчыць палажэнням заканадаўства аб СМІ.

БАЖ падкрэслівае, што арт. 33 Выбарчага заканадаўства прадастаўляе Цэнтральнай камісіі права вызначаць парадак выкарыстання ў перадвыбарнай кампаніі толькі дзяржаўных СМІ. “Вызначаць формы ўдзелу ў выбарчым працэсе недзяржаўных СМІ ані Цэнтральная камісія, ані яе Старшыня не маюць права”, - гаворыцца ў пасланні.
Паводле БАЖ, пытанне прадастаўлення кандыдатам недзяржаўных СМІ наогул ніяк не рэгламентуецца беларускім выбарчым заканадаўствам: ані Выбарчы кодэкс, ані іншыя акты беларускага заканадаўства не забараняюць гэтага, а значыць, у адпаведнасці з базавым прынцыпам права -- дазваляюць.
Арганізацыя пералічвае яшчэ некалькі палажэнняў беларускага заканадаўства: у прыватнасці, арт. 33 Канстытуцыі РБ, які гарантуе кожнаму свабоду меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне, а таксама арт. 34, які гарантуе права на атрыманне, захоўванне і распаўсюд поўнай, праўдзівай і своечасовай інфармацыі пра палітычнае жыццё. БАЖ нагадвае, што пра гэта ж гаворыцца ў арт. 3 Закона “Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі”: “Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права бесперашкодна шукаць, атрымліваць, выкарыстоўваць і распаўсюджваць інфармацыю пры дапамозе друку і іншых СМІ, свабодна выказваць праз іх свае думкі, погляды і перакананні”.
Арганізацыя нагадвае, што, паводле арт. 58 Асноўнага закона, ніхто не можа быць змушаны да выканання абавязкаў, не прадугледжаных Канстытуцыяй РБ і яе законамі, альбо да адмовы ад сваіх правоў. А змушэнне журналіста да распаўсюду альбо адмовы ад распаўсюду інфармацыі, паводле арт. 48 Закона аб друку, лічыцца замахам на свабоду СМІ.
У звязку з гэтым БАЖ просіць Л. Ярмошыну патлумачыць:
- Ці з’яўляецца яе выказванне асабістым меркаваннем альбо яно адлюстроўвае афіцыйную пазіцыю ЦВК;
- Калі гэта пазіцыя ЦВК, то што маецца на ўвазе пад “прадастаўленнем кандыдатам недзяржаўных СМІ”; якія нарматыўныя акты забараняюць публікацыю матэрыялаў пра кандыдатаў альбо інтэрв’ю з імі; якія прэтэнзіі і на падставе якіх прававых актаў будуць “прад’яўляцца сродкам масавай інфармацыі”.

Нагадаем, што 8 лютага на сустрэчы з журналістамі Л. Ярмошына заявіла, што “выбарчае заканадаўства не прадугледжвае магчымасці прадастаўлення кандыдатам недзяржаўных СМІ”, што гэта будзе расцэньвацца “яе аказанне матэрыяльнай дапамогі, што забаронена законам”, і што “ў выпадку падобных парушэнняў прэтэнзіі, перш за ўсё, будуць прад’яўляцца сродкам масавай інфармацыі”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства