Беларускія памежнікі забаранілі выезд у Польшчу Анжаліцы Борыс, старшыні непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Беларусі.
Памежнікі ў Брузгах паведамілі, што ў яе пашпарце няма месца, каб паставіць пячатку. Анжаліка Борыс звярнула іх увагу на тое, што мае дзве амаль пустыя старонкі, дзе можна ставіць пячаткі, аднак заўвага не была прынята.
– Тое, што здарылася, укладваецца ў агульную палітыку беларускіх уладаў у адносінах да палякаў. На паседжанні кансультацыйнай Рады Палоніі свету, на якое маршалкам Сенату была запрошана Анжаліка Борыс, павінна была абмяркоўвацца сітуацыя палякаў Беларусі і далейшае супрацоўніцтва з польскімі ўладамі, – каментуе ПАГОНІ сітуацыю Анджэй Пісальнік, прэсавы сакратар непрызнаванага Саюза палякаў. – Улады не далі Анжаліцы Борыс магчымасці прысутнічаць на паседжанні. Што самае цікавае, яе кіроўцу пячатку у пашпарт паставілі. Ксеракопіі абодвух пашпартоў ужо зроблены і ім будзе дадзены належны ход.
Анджэй Пісальнік паведаміў, што гэты скандал не толькі асвячаецца польскімі медыямі, але выклікаў рэзананс у афіцыйных колах Польшчы: “Падобным учынкам беларускія ўлады не дапусцілі кантакту польскага Сенату, які апякуецца палякамі ва ўсім свеце, з польскай меншасцю за мяжой. Гэта недабразычлівы крок не толькі ў адносінах да палякаў Беларусі, але і да ўсёй польскай меншасці ў свеце”.