viasna on patreon

У БАЖы адбылася прэзентацыя першага бюлетэню з серыі "Маніторынг СМІ: "Асвятленне прэзідэнцкіх выбараў 2006 г. у беларускіх медыях"

2006 2006-02-02T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

2 лютага ў офісе ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" адбылася прэзентацыя першага бюлетэню з серыі "Маніторынг СМІ: "Асвятленне прэзідэнцкіх выбараў 2006 г. у беларускіх медыях", які назваецца "Тэма выбараў і палітычныя суб'екты ў беларускіх СМІ напярэдадні рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты" (перыяд з 16 па 27 студзеня 2006 г.). Акрамя гэтага, увазе журналістаў быў прапанаваны "Аналітычны маніторынг парушэнняў свабоды выказвання і канфліктаў у сферы СМІ" у перыяд з 16 снежня 2005 г. да 1 лютага 2006 г. Абодва дакументы можна знайсці на сайце БАЖ (www.baj.ru) у рубрыцы "Выбар-2006".

Серыю "Маніторынг СМІ" рыхтуе група журналістаў пад кіраўніцтвам сябра Рады БАЖ, медыя-аналітыка Алеся Анціпенкі. Прэзентуючы бюлетэнь, ён нагадаў, што пад час парламенцкіх выбараў і рэферэндуму 2004 г. гэтая ж група ўжо вяла аналагічную працу, заснаваную на метадалогіі славацкай недзяржаўнай арганізацыі МЕМО-98. "Маніторынг адбываецца на падставе шэрагу колькасных параметраў, каб выключыць суб'ектыўны фактар у аналізе матэрыялаў", - адзначыў сп. Анціпенка. Сярод асноўных мэтаў маніторынгу ён назваў "ацэнку прафесійнага ўзроўню асвятлення выбарчага працэсу", здольнасці беларускіх медыяў "эфектыўна і поўна адлюстроўваць разнастайныя палітычныя і грамадскія погляды кандыдатаў у прэзідэнты і іх прыхільнікаў", а таксама "аналіз ролі дзяржаўных і незалежных медыяў у адукацыі выбаршчыкаў".
Маніторцы аналізавалі праграмы трох нацыянальных тэлеканалаў, некалькі рэгіянальных выпускаў БТ (у Магілёве і Гродна), праграму першага каналу беларускага радыё "Радыёфакт", шэраг дзяржаўных і недзяржаўных газет (падрабязнае апісанне аб'ектаў і суб'ектаў маніторынгу можна знайсці ў рубрыцы "Выбар-2006").

Галоўныя высновы, да якіх прыйшлі аўтары бюлетэню на падставе прааналізаванага матэрыялу:

- "Ціхая" выбарчая кампанія ў асвятленні дзяржаўнымі СМІ ў тых жа самых медыях была сканцэнтравана на асобе аднаго прэтэндэнта - дзеючага Прэзідэнта краіны.
- Прэзідэнт рэпрэзентаваўся пераважна станоўча ці надзвычай станоўча.
- Іншыя прэтэндэнты на пасаду Прэзідэнта практычна адсутнічалі ў дзяржаўных медыях. Адпаведна шмат хто з тых выбаршчыкаў, для каго адзінай крыніцай інфармацыі з'яўляюцца дзяржаўныя СМІ, не атрымаў аб'ектыўнай інфармацыі пра альтэрнатыўных прэтэндэнтаў.
- Прэзідэнт краіны падаваўся як адзіны рэальны кандыдат, а апазіцыйныя кандыдаты - як прэтэндэнты, што не маюць аніякай электаральнай падтрымкі ў грамадстве.
- Дзяржаўныя электронныя і друкаваныя СМІ практычна ігнаравалі палітычную апазіцыю ў краіне (розныя апазіцыйныя палітычныя партыі і іх удзел у прэзідэнцкай кампаніі), а калі і ўзгадвалі пра яе, дык асвятлялі яе дзейнасць ў неперсаналізаванай, адмоўнай альбо скрайне адмоўнай манеры.
- Недзяржаўная прэса падала даволі шырокую карціну выбарчай кампаніі, але некаторыя друкаваныя медыі дэманстравалі відавочную прыхільнасьць да таго ці іншага кандыдата ад дэмакратычных сіл, а менавіта, -- да А. Мілінкевіча ці А. Казуліна.

У часе маніторынгу таксама быў зафіксаваны шэраг выпадкаў ужывання "эфектаў медыяў" - г. зн. непрафесійнага, вельмі тэндэнцыйнага асвятлення тэмы. Найбольш яскравыя прыклады зафіксавалі маніторцы, якія аналізавалі праграмы БТ. Такія выпадкі "не маюць дачынення да журналістыкі, але маюць дачыненне да дэзінфармавання выбаршчыкаў і да прапаганды", - рэзюмаваў А. Анціпенка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства