Суд над барысаўскімі актывістамі перанесены на 25 чэрвеня
На 25 чэрвеня перанесены ў Барысаве разгляд адміністратыўных спраў, узбуджаных на падставе артыкулаў 23.34 (парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавага мерапрыемства або пікетаваньня), 23.4 (непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ім службовых паўнамоцтваў) супраць грамадзкіх актывістаў Аляксандра Абрамовіча і Алены Ясюк.
28 траўня Абрамовіч А. падаў заяўку на правядзеньне мітынгу супраць будоўлі шматпрофільнай АЗС у жылым раёне “Лядзішча”. Заяўка не была задаволена райвыканкамам. Тым не меней 14 чэрвеня актывісты распачалі несанкцыянаваны мітынг пад час якога міліцыя затрымала Абрамовіча і Ясюк. Прычым мітынгоўцы намагаліся перашкодзіць міліцэйскаму аўтамабілю забраць затрыманых у Барысаўскі РУУС.
У гэты ж дзень мусіў адбыцца суд, аднак, паколькі арганізатары мітынгу запатрабавалі весьці працэс па-беларуску, альбо прадставіць ім перакладчыка, суддзя прыняў рашэньне аб пераносе судовага паседжаньня на 25 чэрвеня.