Аддзяленне праваабарончай арганізацыі “Міжнародная амністыя” у Боне пачало збор подпісаў пад зваротам да прэзідэнта Беларусі з заклікам гарантаваць выкананне правоў чалавека на свабоду думкі, сходаў і асацыяцыяў.
Пра гэта паведаміла pahonia.promedia.by cа спасылкай на Deutsche Welle.
“Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў і дваццацігоддзя Чарнобыльскай катастрофы Беларусь знаходзіцца ў цэнтры ўвагі ўсясветнай грамадскасці”, – адзначаецца ў петыцыі. У сувязі з гэтым яе аўтары патрабуюць ад беларускіх уладаў не перашкаджаць правядзенню мірных дэманстрацыяў, прысвечаных гэтым важным грамадска-палітычным падзеям. У петыцыі ўтрымліваецца заклік гарантаваць выкананне правоў актывістаў моладзевых рухаў і ўсіх беларускіх грамадзянаў, а таксама расследаваць падзеі 16 верасня 2005 года, калі ў часе мітынгу актывіст моладзевага руху «Зубр» Мікіта Сасім быў збіты супрацоўнікамі праваахоўных органаў.
Актывісты «Міжнароднай амністыі» прапануюць усім жадаючым звярнуцца з аналагічным заклікам да беларускіх уладаў, раздрукаваць тэкст петыцыі ў фармаце А3 і накіраваць у Бон не пазней за пятага сакавіка. Гэтая акцыя мае назоў «Самая вялікая петыцыя Нямеччыны».