viasna on patreon

Міліцыя тлумачыць свае дзеяньні

2006 2006-01-16T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сьветлагорскі раённы аддзел унутраных справаў (Гомельская вобласьць) даў тлумачэньне прычыны, па якой мясцовы грамадзкі актывіст Тэльман Масьлюкоў 16 сьнежня быў дастаўлены ў міліцыю з вуліцы, дзе ён разам з іншымі грамадзянамі стаяў са сьвечкай. Т. Масьлюкоў не згодны з тлумачэньнем міліцыі.
Група грамадзян у Сьветлагорску 16 сьнежня была прывезена ў раённы аддзел унутраных справаў з вуліцы, дзе грамадзяне ў 19 гадзін запалілі на 15 хвілін сьвечкі. У аддзеле міліцыі Т. Масьлюкову прадаставілі для азнаямленьня пратакол адміністратыўнага парушэньня, але па іншай справе – па выніках агляду яго кватэры, які міліцыя правяла 2 сьнежня.
Пасьля гэтага Т. Масьлюкоў зьвярнуўся з заявай да начальніка міліцыі з просьбай патлумачыць прычыну дастаўленьня з вуліцы, паколькі грамадзкі парадак ён не парушаў. У адказе, які на днях паступіў ад выконваючага абавязкі начальніка РАЎС, маёра міліцыі У. А. Русіновіча, даецца наступнае тлумачэньне: Т. Масьлюкову была накіравана павестка з’явіцца ў міліцыю 16 сьнежня для складаньня пратаколу па выніках агляду кватэры, але ён не зьявіўся. “У 19 гадзін Вы былі заўважаны са зьнічкай у руцэ. Вы былі затрыманы і дастаўлены ў РАЎС, дзе ў адносінах да Вас быў складзены пратакол па арт. 167-10 Кодэкса аб адміністратыўных парушэньнях. Пасьля азнаямленьня з матэрыяламі справы Вы бесперашкодна пакінулі РАЎС” – тлумачыць маёр міліцыі У. А. Русіновіч. (Пратакол па арт. 167-10 – гэта пратакол па выніках агляду кватэры ).
Зараз Т. Масьлюкоў накіраваў зварот у міжраённую пракуратуру ў Сьветлагорску з просьбай праверыць правамернасьць такой прычыны дастаўленьня ў міліцыю, паколькі, па-першае, павестка не была ўручана асабіста і своечасова – яна была выяўлена ў дзвярах кватэры ўвечары 16 сьнежня, а па-другое, ў павестцы не ўказана, што ў РАЎС неабходна было зьявіцца для складаньня пратаколу (там напісана – “для гутаркі”). Да таго ж, 12 сьнежня Т. Масьлюкоў ужо наведваў РАЎС па выкліку для складаньня згаданага пратаколу, але пратакол у той дзень складзены не быў – міліцыянты “не маглі знайсьці” свае паперы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства