viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч: Высокі працэнт тых, хто прагаласаваў датэрмінова, сведчыць пра арганізаваны і прымусовы працэс выбараў

2010 2010-04-25T14:34:48+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich7.jpg

Высокі працэнт тых, хто прагаласаваў датэрмінова, сведчыць пра арганізаваны і прымусовы працэс выбараў. Такое меркаванне ў інтэрв'ю БелаПАН выказаў адзін з удзельнікаў кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Валянцін Стэфановіч.

Нагадаем, згодна з афіцыйнымі звесткамі, у датэрміновым галасаванні ўзялі ўдзел 29,3% выбаршчыкаў.

"З аднаго боку, гэта дзіўная лічба, з другога - нічога дзіўнага ў гэтым няма. Нічога дзіўнага, таму што практычна ў кожнай выбарчай кампаніі ў нас у Беларусі датэрмінова галасуюць прыкладна 25% выбаршчыкаў. Дзіўная гэтая лічба таму, што мясцовым выбарам у Беларусі традыцыйна надаецца мала ўвагі. Менавіта таму быў адменены парог яўкі на гэтыя выбары. І тое, што ў нас прагаласавала датэрмінова 29,3% выбаршчыкаў, сведчыць, што ўладам вельмі хацелася прадэманстраваць, як актыўна нашы грамадзяне ўдзельнічаюць нават у такіх нязначных выбарах. І гэтая лічба сведчыць пра тое, што ўдзел у датэрміновым галасаванні мае арганізаваны "зверху" і прымусовы характар", - адзначыў Стэфановіч.

Паводле яго слоў, працэдура датэрміновага галасавання павінна мець хутчэй выключны, чым абавязковы характар. "Для чаго задумана гэтая працэдура? Для таго каб у галасаванні маглі ўзяць удзел людзі, якія з-за нейкіх важных прычын не змогуць прыйсці на ўчастак у дзень галасавання. Але ніхто ж не паверыць, што траціна выбаршчыкаў у дзень галасавання паехала з краіны!" - заявіў Стэфановіч.

Акрамя таго, працягнуў праваабаронца, працэдура датэрміновага галасавання не дазваляе назіральнікам пракантраляваць справядлівасць выбараў. "У выніковым пратаколе выбарчых камісій адлюстроўваецца толькі агульны вынік падліку галасоў. Як прагаласавалі выбаршчыкі падчас датэрміновага галасавання і як у асноўны дзень галасавання - у ім не ўказваецца. Акрамя таго, назіранне за працэсам галасавання на працягу пяці дзён датэрміновага галасавання вельмі цяжкае. Таму такой працэдуры датэрміновага галасавання, як у нас, увогуле не павінна быць", - заявіў Стэфановіч.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства