Бабруйск: Грамадскіх актывістаў “няправільна зразумелі”
Гісторыя з бабруйчанамі, якія вылучаліся ва ўчастковыя камісіі ад ГА БНФ “Адраджэнне” скончылася даволі нечакана. Нагадаем, што Наталлю Карпаву (працуе ў бібліятэчнай сістэме), Яўена Герасімовіча (слесар ААТ “Белшына”) і Мікіту Уварава (навучэнец школы алімпійскага рэзерву) папярэдзілі на працы і вучобе, што яны мусяць забраць заявы, у адваротным выпадку пагражалі звальненнем і праблемамі.
- Мікіта Увараў сын бабруйскай сяброўкі БХД, Наталля Карпава працуе ў маёй ініцыятыўнай групе. Таму калі я даведалася, што такія праблемы ўзніклі, я звярнулася да старшыні гарадской выбарчай камісіі Уладзімера Вяткіна, - распавядае бабруйскі лідэр БХД Таісія Кабанчук. – Але ён сказаў, што ён тут не пры чым. Тады я паабяцала яму, што калі ціск на людзей не скончыцца, збяру заявы і подпісы ўсіх, хто вылучаўся ў камісіі і павязу ў Менск, у прадстаўніцтва Еўразвязу. Каб усе ведалі, як у нас фармуюцца камісіі.
Праз нейкі час Таісія Кабанчук даведалася, што ўсіх трох вылучэнцаў зноў выклікалі “на дыван” да начальства. Але на гэты раз каб выбачыцца, і патлумачыць, што яны “няправільна зразумелі” памкненні падначаленых, не зразумелі што “яны вылучаюцца менавіта ва ўчастковыя камісі”. Такім чынам, тром бабруйскім грамадскім актывістам ўдалося патрапіць ва ўчастковыя камісіі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”