viasna on patreon

“Забароненага Хрыста” забаранілі зноў

2010 2010-02-11T11:23:26+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/granica.jpg

Сёння раніцай на памежным пераходзе Беняконі з Беларусі ў Латвію быў на 5 гадзін затрыманы аўтамабіль з сустаршынём “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі” Аляксеем Шэіным і лідэрам “Маладога Фронту” Змітром Дашкевічам, якія ехалі на сустрэчу з палітыкамі суседняй краіны.

Як паведаміў прэсавай службе сустаршыня БХД Аляксей Шэін, галоўны інспектар Ашмянскай мытні Яўген Жых загадаў забраць на экспертызу шэсць дыскаў з фільмам “Забаронены Хрыстос”, адзін асобнік кнігі “Маладафронтаўцы” і брашуру пра дзейнасць Еўрапейскага Хрысціянскага палітычнага руху.

У пратаколе пазначана, што гэтыя матэрыялы будуць вывучацца наконт утрымання ў іх звестак, якія могуць абражаць гонар і годнасць Рэспублікі Беларусь.

Нагадаем, дакументальны фільм “Забаронены Хрыстос” быў днямі прэзентаваны яго рэжысёрам Аляксеем Шэіным у Менску.

52-хвілінная стужка распавядае пра супрацьстаянне савецкай сістэмы і евангельскіх вернікаў у БССР. У фільм, які здымаўся на працягу шасці гадоў, увайшлі сведчанні хрысціян, якія перажылі савецкія канцлагеры і турмы; унікальная антыхрысціянская кінахроніка часоў БССР і інтэрв'ю з беларускімі гісторыкамі.

Фільм расказвае пра людзей, якія стаялі перад выбарам паміж жыццём і смерцю. Мужнасць шматлікіх вернікаў, якія жылі згодна з Бібліяй і Евангеллем, не скарыўшыся перад савецкім таталітарызмам, сведчыць пра наяўнасць у пасляваеннай Беларусі шырокага дысідэнцкага руху ў першапачатковым сэнсе гэтага слова.

Прэсавая служба БХД

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства