viasna on patreon

Эксперты лічаць, што Менск абдзелены колькасцю акругаў

2010 2010-02-11T02:57:42+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёлета для правядзення выбараў дэпутатаў Менскага гарадскога Савета 26-га склікання створаны 57 акругаў - на дзве больш, чым у папярэднія выбары. Дадатковыя акругі з'явіліся за кошт новабудоўляў у мікрараёнах Лошыца і Брылевічы.

Фармальна такая колькасць адпавядае артыкулу 15 Выбарчага кодэкса, паводле якога павінна быць створана ад 40 да 60 выбарчых акругаў, але эксперты лічаць, што 57 дэпутатаў для сталіцы - гэта вельмі мала.

- Для вялікіх гарадоў накшталт Менска нават пры стварэнні максімальна магчымай колькасці дэпутацкіх месцаў, гэта значыць 60 - гэта ўсё роўна вельмі мала, - лічыць Сяргей Альфер, спецыяліст у галіне выбарчага права. - У сусветнай практыцы на такі аб'ём насельніцтва, як у беларускай сталіцы, ствараецца 100 і больш акругаў. У дадзеным выпадку пазіцыя ўладаў па фармаванні мінімальных квот па колькасці дэпутатаў у мясцовыя Саветы і Палату прадстаўнікоў зразумелая. Чым менш дэпутатаў, тым лягчэй кіраваць імі і прасцей даць мандаты людзям паслухмяным.

Галоўныя прынцыпы фармавання акругаў - па прыкладна роўнай (да 10 %-й розніцы) колькасці насельніцтва і тэрытарыяльнай цэласнасці - выкананыя. Хоць Менск разрастаецца тэрытарыяльна, і ў склад горада былі ўключаныя некаторыя прыгарады, насельніцтва сталіцы павялічылася нязначна. Каб выканаць баланс па выбаршчыках, былі не толькі створаныя дзве новыя акругі, але і значна змененыя межы выбарчых участкаў у Фрунзенскім раёне сталіцы.

Сяргей Альфер дадаў, што тэрыторыі акругаў вельмі адрозніваюцца па кампактнасці размяшчэння на іх жылых тэрыторый, а таксама па сваіх габарытах. Напрыклад, тэрыторыя Грушаўскай выбарчай акругі № 22 па сваіх габарытах роўная прыблізна 30-40 % ад памераў усяго Маскоўскага раёна Менска. Вялікая тэрыторыя і ў выбарчых акругах Вяснянская № 39, Новавіленская № 42 і іншых.

- На такіх неабсяжных тэрыторыях дэпутатам вельмі складана працаваць, - адзначыў Сяргей Альфер. - Аб'ехаць выбаршчыкаў і адсачыць усе нюансы практычна немагчыма, бо гэта не адзін дзясятак кіламетраў.

У той жа час у складзе некаторых выбарчых акругаў вельмі шмат пустуючых месцаў (паркаў, сквераў, пустак), бо акруговыя межы павінны датыкацца паміж сабой. Напрыклад, да 70 % тэрыторыі Слабодскай выбарчай акругі № 28 - гэта пустая тэрыторыя. Затое жылыя дамы тут размешчаныя вельмі кампактна, што для дэпутацкай працы зручней.

- У далейшай перспектыве па дзеючым заканадаўстве могуць быць створаныя яшчэ толькі тры акругі, - сказаў Сяргей Альфер, - паколькі 60 выбарчых акругаў - гэта лімітавы патэнцыял. Але горад працягвае будавацца, і колькасць выбаршчыкаў расце, таму мае сэнс павялічыць колькасць дэпутацкіх месцаў з разлікам на будучыя новабудоўлі. Бо практыкуючаяся зараз "перанарэзка" ужо ўстаноўленых межаў акругаў, каб збалансаваць колькасць выбаршчыкаў, згубна адбіваецца не толькі на працы дэпутатаў, але і на рашэнні надзённых пытанняў людзей.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства