viasna on patreon

На Віцебшчыне патрабаванне закона фармальна выканана

2010 2010-02-02T15:07:04+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Віцебскія мясцовыя сродкі масавай інфармацыі апублікавалі склады тэрытарыяльных камісій па выбарах дэпутатаў. Неабходна адзначыць, што мясцовыя ўлады дакладна выканалі патрабаванне выбарчага закона адносна прадстаўніцтва ў выбарчых камісіях сяброў палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў. У некаторых камісіях іх прадстаўніцтва дасягае больш за палову.

Так, у Віцебскай абласной  выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых  Саветаў  дэпутатаў 26 склікання ўвайшлі 8 (62%) прадстаўнікоў ад палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, 2 (15%) ад працоўных калектываў, 3 (23%) ад грамадзян.

Віцебская гарадская тэрытарыяльная выбарчая камісія створаная з прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, якія складаюць 6 (46 %) , ад працоўных калектываў 6(46%), грамадзян шляхам падачы заявы 1 (8 %).

У тэрытарыяльнай камісіі Віцебскага раёна сітуацыя выглядае так: ад грамадскага сектара прадстаўнікоў 6(46%), ад працоўных калектываў 3(23%), ад грамадзян 4(31%).

Гэта, як гаворыцца, колькасны бок.

Калі звярнуць увагу на якасць, то карціна бачыцца ў іншым святле. Так, у складзе Віцебскай абласной камісіі зацверджаны адзін сябра апазіцыйнай партыі - прадстаўнік "Справядлівага свету" (прадстаўнікі Партыі БНФ і АГП месцаў у камісіі ні атрымалі). Сябрамі камісіі з партыйцаў таксама сталі па адным прадстаўніку ЛДП і КПБ. Не знайшлося месцы ў камісіі былому палітвязню Сяргею Парсюкевичу і Паўлу Севярынцу, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў. У Віцебскую гарадскую тэрытарыяльную выбарчую камісію не патрапіў ніхто з прадстаўнікоў апазіцыйных партый (вылучаліся прадстаўнікі Партыі БНФ, Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", БСДП(Г) і аргкамітэта па стварэнні Партыі БХД шляхам падачы заявы ад грамадзян). Таксама ў абласной і гарадской выбарчых камісіях прысутнічаюць прадстаўнікі прадзяржаўных аб'яднанняў, такія як БРСМ, Белая Русь, Беларускі саюз жанчын.

Што датычыць раённых тэрытарыяльных выбарчых камісій, то там практычна адсутнічаюць прадстаўнікі партый. Для выканання патрабаванняў змененага выбарчага закона аб прадстаўніцтве 1/3 грамадскіх структур у камісіях, мясцовыя выканкамы прыцягнулі грамадскія арганізацыі, якія цалкам далёкія ад выбарчага запалу. У якасці прыкладу, у тэрытарыяльнай камісіі Віцебскага раёна грамадскасць прадстаўляюць традыцыйна БРСМ, Белая Русь, саюз жанчын і ветэраны пры поўнай адсутнасці партыйных прадстаўнікоў. Відавочна іх замянілі  прадстаўнікі ад Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і Беларускага рэспубліканскага таварыства ратавання на водах. Удзел апошніх грамадскіх структур у выбарчай камісіі можна ўспрымаць няйначай як кур'ёзам.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства