За незаконную адсідку– 15 мільёнаў рублёў кампэнсацыі
Столькі грошай суд Фрунзенскага раёну Менска пастанавіў выплаціць Леаніду Тарасенку, які быў кінуты ў месцы пазбаўленьня волі з-за памылак беларускага сьледзтва й суду.
Леанід Тарасенка, патрапіўшы ў беларускую вязьніцу, здолеў цалкам даказаць сваю невінаватасьць.
Крымінальную справу на мужчыну завялі яшчэ ў сьнежні 2003 году, па артыкулах “Хуліганства” і “Нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў”. Сьледзтва вёў міліцыянер Рыбаключаў з раённага аддзела ўнутраных справаў мястэчка Бараўляны, што пад Менскам. Леанід Тарасенка сьцьвярджае, што тады знаёмыя праваахоўнікаў прапаноўвалі даць яму хабар.
Леанід Тарасенка: Давай пяць тысяч даляраў, мне сябрук сказаў іхны, альбо будзе табе пяць гадоў. Гэты чалавек тут ходзіць, можна ў яго спытацца, было такое ці не было. Пяці тысячаў у мяне не было, значыцца атрымаў пяць гадоў.
У траўні 2004 года суд Менскага раёну прысудзіў Леаніду Тарасенку пяць гадоў пазбаўленьня волі. Але мужчына, які аказаўся сапраўдным змагаром за праўду, закідаў скаргамі пракуратуры ўсіх інстанцыяў, дайшоў да Вярхоўнага суду. У выніку Леаніда Тарсенку выпусьцілі з папраўчай калёніі, а празь нейкі час цалкам апраўдалі. Унікальны для незалежнай Беларусі выпадак. Выходзіць, што ў вязьніцы Леанід Тарасенка сядзеў незаконна, а сьледзтва й судовыя разьбіральніцтвы праводзіліся неаб’ектыўна. Па законе Міністэрства фінансаў павінна выплаціць Леаніду Тарасенку маральную кампэнсацыю за памылкі сьледчага й судзьдзі. Але якой павінна быць сума?
Так у пятніцу 29 студзеня ў судзе Фрунзенскага раёну Менска разглядалася справа па выплаце маральнай кампэнсацыі Леаніду Тарасенку. Судзьдзя Натальля Варэнік вынесла рашэньне: “Выплаціць кампэнсацыю ў памеры 15 мільёнаў беларускіх рублёў”.
У месцах пазбаўленьня волі Леанід Тарасенка правёў 14,5 месяцаў (гэта каля 285 дзён). Выходзіць, што за адзін дзень незаконнага пазбаўленьня волі суд пастанавіў сплочваць па 52 300 беларускіх рублёў. Гэта каля 18 даляраў ЗША. Трэба сказаць, што ў вязьніцы Леанід Тарасенка атрымаў хваробу ног, страціў зубы, пасадзіў нэрвы. Мужчыну такое рашэньне суда абурае:
Леанід Тарасенка: Раз судзьдзі вінаватыя, а яны прадстаўляюць дзяржаву, аддайце мне грошы, якія ў мяне скралі. Я падлічыў, колькі ў мяне скралі. Прадаў кватэру – грошы зьніклі, абясцэніліся. Страціў здароўе. Працягваю адчуваць прыніжэньне чалавечай годнасьці. Рэальная сума кампэнсацыі павінна складаць 200 мільёнаў беларускіх рублёў.
Цяжка не пагадзіцца зь Леанідам Тарасенкам. Для параўнаньня падобная сытуацыя здарылася з амэрыканцам Джэймсам Бэйнам, якога у 1974 годзе зьняволілі пажыцьцёва й толькі ў 2009 годзе апраўдалі. Леанід Тарасенка распавядае нам гэту гісторыю:
Леанід Тарасенка: У Амэрыцы аднаго пасадзілі, далі “пажыцьцёвае” яму. У 18 гадоў пасадзілі, адсядзеў 35 гадоў. Дык амэрыканскі суд, як яго апраўдалі, а артыкул у яго быў “разбэста малагадовых”, пастанавіў выплаціць яму 1 мільён 750 тысячаў даляраў ЗША.
Выходзіць, што за дзень адсідкі Бэйну сплочваюць каля 140 даляраў ЗША – у 7,7 разоў болей, чым беларусу.
Леанід Тарасенка адмаўляецца атрымоўваць ад Міністэрства фінансаў ганебныя 15 мільёнаў рублёў і працягвае пісаць скаргі ва ўсе інстанцыі. Больш за тое, не так даўно ўзбудзілі крымінальную справу ў дачыненьні да лжэпацярпелага Анісковіча, які ў 2003 годзе напісаў хлусьлівую заяву на Леаніда Тарасенку. Справу днямі перадалі ў суд Мінскага раёна. Высьветлілася, што нецьвярозы Анісковіч сам ударыў нагой па машыне Тарасенкі, але ўпаў на зямлю й зламаў вяртлужную костку. Ды замест таго, каб выбачыцца й сплаціць грошы за ўвагнутасьць на кузаве “Фольксвагена” Леаніда Тарасенкі, падаў на таго заяву знаёмаму міліцэйскаму сьледчаму.
У плянах спадара Леаніда асудзіць неаб’ектыўнага сьледчага Рыбаключава з Бараўлянскага РАУС. Таксама Леанід Тарасенка марыць пакараць судзьдзю Грыцаля, які прысудзіў яму пяць гадоў пазбаўленьня волі. Міліцыянера ўжо
панізілі ў званьні, а судзьдзю звольнілі.