Чэшскі дысідэнт Ян Урбан: Правы чалавека перадусім
Канец 1980-ых гадоў быў для Чэхаславакіі складаным часам. Ніхто не ведаў, што прыйдзе на змену камунізму. Але нават тады знаходзіліся людзі, якія верылі ў перамены і працавалі дзеля іх. Пра ролю журналістаў у несвабодным грамадстве распавядае вядомы чэшскі дысідэнт і журналіст Ян Урбан.
Як паводзілі сябе чэскія журналісты ў 1989-ым?
Я.У.: Гэта была спецыфічная сітуацыя. Дысідэнтаў была вобмаль. У параўнанні з Польшчай, дзе ў Салідарнасці было 10 млн. сяброў, у нас людзі проста баяліся — рэпрэсіі былі больш жорсткімі. І больш эфектыўнымі. Для нас праца журналіста была адзіным шляхам уплыву на нармальных людзей. Пры гэтым яны не падвяргаліся ўціску.
Людзі ахвотна слухалі заходнія радыёстанцыі, але не хацелі нічога рабіць. Таму для нас супрацоўніцтва з Захадам было самым эфектыўным шляхам распаўсюду незалежнай інфармацыі. Гэта было вельмі важна. А паспяховасць такой тактыкі і дзейнасці пазбавіла нас неабходнасці ангажавацца ў палітыку. Поспех журналісцкай дзейнасці дазволіў нам не палітызавацца. У гэтым проста не было неабходнасці. Сам ход падзей, якія мы асвятлялі, паказваў людзям праўду.
Зараз інфармацыйны рынак часта дыктуе свае ўмовы журналістам. Шмат хто пазбягае сур’ёзных і складаных тэм, спасылаючыся на іх незапатрабаванасць. У 1989-ым сітуацыя была падобнай? Існавалі непапулярныя тэмы?
Я.У.: Не хачу быць пафасным, але лічу, што гэта праблема нацыянальнага сумлення. Рынак дыктуе свае умовы. Але кожнае грамадства, кожная нацыя патрабуе гэтых сур’ёзных тэм. Хаця б адну газету, адзін часопіс, якія б трымалі і развівалі каштоўнасці на адпаведным узроўні.
У нас было так, што калі ў грамадстве не існуе дастаткова вялікай групы людзей, якія хочуць падтрымліваць такую сур’ёзную газету, хаця бы проста набываючы яе, то узровень журналістыкі і палітычнай культуры паніжаўся. Таму я называю гэта пытаннем нацыянальнага сумлення.
ЕС цяпер пайшоў на цеснае супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі. Хаця Мінск мала што памяняў у сваёй палітыцы. Як, на вашую думку, павінны паводзіць сябе журналісты ў такой сітуацыі?
Я.У.: Варта паказваць усю сутнасць палітыкі уладаў і слабасці палітыкі ЕС. Недахопы палітыкі шчыльнага супрацоўніцтва з Лукашэнкам. Вашую сітуацыю можна параўнаць з сітуацыяй у 1980-ых у Чэхіі. Тады ў ФРГ была «остпалітык». Шмат хто з заходненямецкіх палітыкаў хацеў уцягнуць савецкі блок у дыскусію. Пашырыць эканамічнае супрацоўніцтва. Аднак непадзельнай часткай той дыскусіі былі правы чалавека.
Гэта было вельмі эфектыўнай тактыкай. Тое, што я бачу сёння, пачатак гэтага першага этапу супрацоўніцтва — гэта не мае ніякага сэнсу без другой часткі — абароны правоў чалавека.
Бо мы можам піць шампанскае са Сталіным ці Гітлерам, але яны не зменяцца ні на міліметр. Супрацоўніцтва раўнапраўных партнёраў патрабуе і жорсткай і цвёрдай праўды. Я бачу ролю журналістаў, не толькі ў Беларусі, але і на Захадзе, дакладна ў гэтым. Папярэджваць і паказваць, што супрацоўніцтва без размовы аб правах чалавека і дэмакратыі не існуе. І не толькі не існуе, але нават і пагражае свабодзе і незалежнаму грамадству. Нельга нашкодзіць праўдай. Могуць паўстаць выключныя маменты, калі лепш не падаваць інфармацыю. Але зараз цвёрды і крытычны падыход да палітыкі Захаду вельмі патрэбны беларускаму грамадству.
Як вы лічыце, наколькі магчыма журналісту заставацца незаангажаваным? Як тое удавалася ў 1989-ым?
Я.У.: Гэта не мая праблема, як гавораць англічане. Я ніколі не верыў у гэты стыль журналістыкі. Нельга быць абсалютна нейтральным. Гэтага не бывае. Асабліва ў нашай сітуацыі. Журналіст не павінен замоўчваць факты, калі тое нашкодзіць яго нейтральнасці. Ён павінен падаваць усё. Вядома, у журналіста ёсць магчымасць апісаць негатыўна той бок, пазіцыі якога ён не падзяляе. Але ў сітуацыі, калі свабода прэсы знаходзіцца ў небяспецы, варта паказваць розніцу паміж дабром і злом. Я не буду падманваць, каб дапамагчы праўдзе. Але я заўсёды магу дастаткова зразумела паказаць, што ў мяне называецца праўдай.
***
Ян Урбан — вядомы чэшскі дысідэнт. У 1974 г. скончыў Карлаў універсітэт, навучаўся на факультэце гісторыі і філасофіі. Да 1989 г. камуністычнымі ўладамі яму было забаронена працягваць сваю акадэмічную кар’еру.
Я.Урбан працаваў школьным настаўнікам, чарнарабочым. Быў адным з заснавальнікаў дысідэнцкай інфармацыйнай сеткі ва Усходняй Еўропе. Таксама працаваў у самвыдаце, нелегальных газетах, карэспандэнтам Радыё Свабодная Эўропа і Бі-Бі-Сі. У лістападзе 1989 г.удзельнічаў у заснаванні Грамадзянскага форуму — руху, які прывёў у выніку да звяржэння камуністычнага рэжыму ў Чэхаславакіі.
Пасля краху камунізму ў Чэхаславакіі Ян Урбан вярнуўся ў журналістыку. Атрымаў дзве міжнародныя ўзнагароды ў галіне абароны правоў чалавека, працаваў ваенным карэспандэнтам у Босніі, быў выдаўцом часопіса «Transitions».Зняў два дакументальныя фільмы (адзін з іх аб праблемах Косава), з’яўляецца аўтарам трох кніг, дзве з іх прысвечаны вайне ў Босніі, а адна — карупцыі ў Чэхіі.
Алесь Пілецкі, Прага