Зацверджаны парадак сацыяльнай рэабілітацыі пацярпелых у выніку выбуху 4 ліпеня
Урад Беларусі зацвердзіў парадак ажыццяўлення сацыяльнай рэабілітацыі асоб, якія пацярпелі ў выніку акта тэрарызму. Як паведаміла прэс-служба Саўміна, адпаведнае рашэнне ўтрымоўваецца ў пастанове № 1458 ад 9 лістапада 2009 года. Дакумент набывае моц з дня яго афіцыйнага апублікавання.
Да асоб, якія пацярпелі ў выніку акта тэрарызму, адносяцца грамадзяне Беларусі, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, у дачыненні да якіх устаноўлена "прычынная сувязь паміж актам тэрарызму і атрыманай імі маральнай, маёмаснай і фізічнай шкодай".
У спіс тых, хто праводзіць рэабілітацыю людзей, якія пацярпелі ў выніку тэракта, уключаны розныя арганізацыі.
У прыватнасці, калегіі адвакатаў будуць аказваць пацярпелым прававую дапамогу. Пакрыццё расходаў на аплату працы адвакатаў ажыццяўляецца ў парадку, вызначаным Мінюстам сумесна з Мінфінам. Псіхалагічнай рэабілітацыяй у выпадку неабходнасці зоймуцца аператыўныя брыгады па аказанні экстраннай псіхалагічнай дапамогі, якія будуць стварацца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, а медыцынскай рэабілітацыяй — дзяржаўныя арганізацыі аховы здароўя. Органы па працы, занятасці і сацабароне акажуць садзеянне ў працаўладкаванні, а ўстановы адукацыі — у прафесійнай рэабілітацыі.
Сацыяльная рэабілітацыя пацярпелых ажыццяўляецца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ў частцы выдзялення жылых памяшканняў, вызначэнні часовых месцаў знаходжання.
Рэспубліканскія органы дзяржкіравання, мясцовыя органы ўлады ў межах сваёй кампетэнцыі ў мэтах своечасовага выяўлення і ўліку пацярпелых, вызначэння відаў неабходнай ім сацыяльнай рэабілітацыі могуць ствараць камісіі (камітэты).
Сацыяльная рэабілітацыя пацярпелых праводзіцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, калі іншае не прадугледжана міжнароднымі дагаворамі Беларусі.
4 ліпеня 2008 года ў цэнтры Мінска ў выніку выбуху самаробнага прыстасавання, закладзенага ў двухлітровы пакет ад соку, былі параненыя 54 чалавекі, якія прыйшлі на канцэрт з нагоды Дня незалежнасці. Усе яны атрымалі матэрыяльную кампенсацыю.