viasna on patreon

МЗС раіць Сяргею Гоўшу дамагацца выканання рашэння Камітэту ААН па месцы жыхарства

2009 2009-11-12T17:51:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Нарэшце праваабаронца з Баранавічаў Сяргей Гоўша дамогся “ўцямнага” адказу на свае запыты ў Міністэрства замежных спраў Беларусі наконт таго, хто мусіць выконваць  рашэнні Камітэта па правах чалавека.

Сяргей Гоўша звярнуўся да МЗС  з пытаннем, чаму не выконваецца рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН  адносна рэгістрацыі праваабарончага цэнтра “Вясна”, чаму дзяржавай парушана і да  гэтага часу не ўзноўлена яго, Гоўшы,  права на свабоду асацыяцый. Па словах Гоўшы, згодна закону, калі гэта не тычыцца МЗС, то яны павінны былі толькі ўказаць, да каго звярнуцца.

16 кастрычніка Гоўша атрымаў адказ на гэты запыт у Міністэрства замежных спраў РБ, падпісаны намеснікам міністра МЗС  Алейнікам. Намеснік міністра  паведаміў заяўніку, што абарона  правоў грамадзян РБ на ўнутрыдзяржаўным узроўні  ўваходзіць у кампетэнцыю іншых дзяржаўных органаў РБ, а рашэнні Камітэта пра правах чалавека  неабавязковыя для выканання дзяржаўнымі органамі Беларусі.

Тады праваабаронца падрыхтаваў  яшчэ адзін зварот  у МЗС, каб паведамілі, куды менавіта трэба звяртацца, каб пытанне вырашылася станоўча.

І вось чарговая адпіска МЗС: “У сувязі з вашай заявай ад 20 кастрычніка 2009 года паведамляем, што пытаньне выканання меркаванняў Камітэта па правах чалавека па справе №1296/2004, якое ўпамінаецца ў вашым звароце, знаходзіцца ў кампетэнцыі судовых органаў Рэспублікі Беларусь па месцы Вашага жыхарства.”

Вось так, маўляў, дамагайцеся выканання рашэння Камітэту ААН па месцы жыхарства, у Баранавічах, а МЗС тут ні пры чым.

Праваабаронца Сяргей Гоўша быў адным з заснавальнікаў  ліквідаванага ўладамі ў 2003 годзе праваабарончага цэнтра “Вясна”. Па рашэнні Камітэта па правах чалавека ААН Рэспубліцы Беларусь было рэкамендавана аднавіць рэгістрацыю арганізацыі і выплаціць кампенсацыю за незаконнае скасаванне  рэгістрацыі. Камітэт прасіў дзяржаву-удзельніцу ААН апублікаваць ягоныя меркаванні. Ні адно з рашэнняў Камітэта дзяржавай выканана не было.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства