viasna on patreon

Беларуская школа сёньня

2005 2005-10-10T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

“Хаджэньні па моўных пакутах” АПІСВАЕ ЖУРНАЛІСТ Тацяна Сьнітко

Адна сталічная сям’я пераехала на новае месца жыхарства – на іншы канец гораду. Менск – горад, як вядома, не малы, і каб у школу дзіцяці не прыйшлося ўставаць а палове на шостую раніцы, бацькі, вядома ж, намерыліся перавесьці сваё чада вучыцца бліжэй да дому. Здаецца, самая звычайная сітуацыя, нічога экстраардынарнага ў ёй няма. Але тут іх чакала праблема. Большасьць менскіх школаў – з рускай мовай навучаньня і англійскай замежнай мовай. А дзіця памянёнай сям’і вучылася з першага класа па-беларуску, вывучаючы ў якасьці замежнай мову нямецкую.
Кінуліся бацькі па дапамогу ў гарадзкі адзьдзел адукацыі, атрымалі сьпіс школаў, дзе ёсьць беларускія класы. Праўда, у іхнім мікрараёне такіх школаў зусім не аказалася. Да кожнай школы ў сьпісе, акрамя адной, трэба дабірацца аўтобусамі ды тралейбусамі, з перасадкамі, але не больш за хвілін сорак ехаць. Не паўтьары гадзіны. Сталі яны званіць у тыя школы, і вось што высьветлілася. Там, дзе вучаць школьныя прадметы на роднай мове, замежная мова -- англійская. Нямецкая ў больш-менш блізкіх ёсьць, але... толькі там, дзе астатняя праграма па-руску. (Урокі беларускай мовы і літаратуры – не ў разьлік, выкладаць гэтыя прадметы не па-беларуску пакуль ніхто не дадумаўся).

Езьдзіць вучыцца праз увесь мэгаполіс (нават праз яго палову – шмат дзя дзіцяці)? Па розных прычынах не кожны зможа вазіць свайго школьніка к пачатку заняткаў на аўтамабілі. А можаце сабе ўявіць падарожжа ў “гадзіну пік”: усе “утрамбоўваюцца”, штурхаюцца, ды яшчэ цяжкі заплечнік ці партфель арывае руку (“Хлопчык, скінь заплечнік, ён перашкаджае!” – такое можна пачуць у грамадскім транспарце нярэдка. Вось і радуйся, што дзіця не атрымае скаліёзу, бо ў заплечніку вага кніг разьмеркавана раўнамерна... ). Зьмяніць замежную мову? Перайсьці вучыцца на рускую? А калі, як у апісаным выпадку, пад канец навучальнага году дзіця чакаюць іспыты? Як можа адбіцца на іх выніках звыштэрміновае засваеньне рускіх тэрмінаў за восем гадоў вучобы? Альбо хуткае “хапаньне” англійскай граматыкі за пяць класаў запар? Наўрад ці станоўча. Таму пошукі школы са звыклай моўнай праграмай працягнулася.
Нечакана абвергнуліся самі сабой некаторыя афіцыйныя зьвесткі па школах горада. Некаторыя навучальныя ўстановы, пададзеныя бацькам як школы “з беларускімі класамі”, аказаліся цалкам рускамоўнымі, прычым настаўнікі гэтых школаў на пытаньне пра мову навучаньня адказвалі з непрыхаваным зьдзіўленьнем. Напачатку, праўда, бацькі спыніліся былі на адной школцы, у якую найзручней езьдзіць: хвілін 25 без перасадкі і яшчэ 10 -- пешкі. Але нядоўгай была іхняя радасьць. Беларускімі тут выявіліся толькі самыя старэйшыя класы -- 10-ты ды 11-ты, астатнія дзеткі вучацца на другой дзяржаўнай мове. Гэта значыць, што апошні набор беларускіх першакласьнікаў у гэтай школе адбыўся дзевяць гадоў таму – у 1996 г. І з таго часу – усё, застаўся толькі водгук беларусізацыі пачатку незалежнасьці...
“Няўжо, -- казалі мне бацькі, -- у 2-мільённым горадзе такія школы, як наша, знарок параскідалі па перыметру? На ўпартасьць правяраюць нас, ці што?” З аднаго боку, яны зайздросьцяць тым, чые дзеці могуць ходзяць у школу каля дому, куды дарога – 5-10 хвілінаў пешшу... З іншага боку, яны ганарацца, што іхнія дзеці самі, без ўсялякага прымусу дарослых, сьвядома абіраюць працяг адукацыі на роднай мове, нават калі гэта нясе побытавыя нязручнасьці.

Беларуская школа сёньня
Што такое сёньня “беларуская школа”? Такая, дзе ўсё выкладаецца па-беларуску? Зусім не абавязкова: хоць існуюць і такія, але гэта часьцей сутрэнеш у вёсцы. У гарадах жа гэта часьцей за ўсё – рускамоўныя школы, дзе на кожнай паралелі маецца адзін, у лепшым выпадку два беларускія класы. Такім чынам, афіцыйны статус беларускай школы не заўсёды аўтаматычна азначае выкладаньне цалкам па-беларуску. Да таго ж, настаўнікі такіх школ у многіх выпадках пасьля званка з уроку адразу пераходзяць на рускую мову зносінаў. Хоць агаваруся: ведаю і некалькі іншых прыкладаў, калі настаўнікі лёгка карыстаюцца роднай мовай амаль заўжды. Маю на ўвазе не веданьне мовы як такое, а псіхалагічную лёгкасьць ўжываньня мовы у пераважна іншамоўным асяродзьдзі – гэта, відаць, галоўная перашкода для большасьці беларусаў.

Грамадскасьць упікала ўладу ў тым, што амаль усе класы з паглыбленым вывучэньнем прадметаў, куды бяруць вучыцца самых здольных дзяцей – рускамоўныя. Такім чынам складалася ўражаньне, што беларускую мову навучаньня абіраюць толькі бацькі і дзеці, якія, гэтак мовячы, не зьзяюць талентамі.
Да таго ж, беларускія школы часьцей за ўсё месьціліся не ў цэнтры, а недзе па самых ускраінах. Але потым сітуацыя выправілася. Напачатку новага тысячагодзьдзя статус беларускіх раптам надалі некалькім вядомым менскім школам, якія заўсёды мелі імідж вельмі добрых, а часам нават элітных. Адной зь іх стала сталічная гімназія № 23. Прыгожая, з добрымі педагогамі, разьмешчаецца на галоўным прасьпекце Менску паміж плошчамі Перамогі і Якуба Коласа, навучальная установа адразу прывабіла да сябе мноства жадаючых аддаць сюда сваіх дзетак. Сярод бацькоў беларускамоўных першакласьнікаў (зрэшты, не толькі іх) з году ў год сустракаюцца вядомыя, знакамітыя, аўтарытэтныя ў Беларусі людзі. Усё гэта разам дазваляе ўладам даваць зразумець тым, хто дамагаецца яшчэ большай беларусізацыі ў адукацыі, што для іх і так зроблена дастаткова шмат. Аднак існуе думка, што жэст ўладаў выглядае хутчэй на дэманстрацыю лаяльнасьці да нацыянальна сьвядомых грамадзян, чым сапраўдным жаданьнем беларусізацыі новага пакаленьня. Альбо хоць бы стварэньня для дзьвюх дзяржаўных моваў роўных умоў.

Вось невялікі прыклад афіцыйна беларускай школы. Між іншым, адной з самых лепшых у горадзе Менску. Яна стала беларускай 4 гады таму, і ў малодшых класах усё як мае быць. Возьмем 9-я класы. Усяго іх тут тры: адзін рускі, адзін беларускі фізіка-матэматычны і адзін звычайны беларускі. Калі пераходзіце сюды вучыцца і ваша дзіця не любіць матэматыку і фізіку, а любіць мовы і гісторыю, пры гэтым вучыцца па-беларуску, вы скіруеце сваю ўвагу на гэты самы “звычайны” клас. Аднак менавіта ён мае рэпутацыю... “самага жудаснага класу ў школе”. “Там дрэнныя хлопчыкі, якія могуць абразіць, асабліва дзяўчынку, асабліва новенькую”, -- папярэджваюць настаўнікі. Асабіста я ў такой сітуацыі гатовая здацца і выбраць рускі клас – гары яно гарам, але нервовая сістэма дзіцяці даражэй за нацыянальную годнасьць. Аднак гэты тэзіс не кожнае дзіця падзяляе. “На рускую мову не пайду!” – кажа бацькам дзяўчынка, сьмела ідзе ў “страшны” клас і...хутка атрымлівае праблемы. У класе ёсьць дзеці без бацькоў, тут ніхто не ведае на ўроку геаметрыі, што такое акружнасьць, гаварыць на роднай мове без памылак дзеці не ўмеюць, а настаўніцы літаратуры няма з кім гаварыць пра літаратуру, акрамя новай вучаніцы... Карацей, уцякла тая дзяўчынка са школы са свайго “адмарожанага” класу, дастаў ён яе. І ніхто са школьнага начальства той клас не ўпікае, не спрабуе разьбірацца, наадварот, яшчэ больш дадае псіхалагічнага дыскамфорту. За разборкамі паводзінаў неяк ужо няма калі й вучыцца. Ды і адбываюцца гэтыя разборкі часта падчас урокаў, пакуль астатнія слухаюць новую тэму... І каму трэба такая беларуская адукацыя? І каго гэтак выгадуеш – шчырага, але нэрвовага патрыёта? Чалавека, які ненавідзіць школу, і настаўнікаў, і беларускую мову?
Канечне, шмат чаго залежыць не толькі ад розных там сацыяльных педагогаў і іншых цэрбераў, ёсьць жа яшчэ класны кіраўнік. Але тут і крыецца самае дзяўнае ў гэтай сітуацыі. “Самым жудасным класам” (беларускім, значыць) кіруе малады настаўнік гісторыі, які прыехаў... з Расіі. Чалавек добры, але ў прафесіі нявопытны. Да таго ж, заняты напісаньнем уласнай кнігі пра “разьвенчваньне гістарычных міфаў Беларусі”. Ніякай справы да праблем падлеткаў, тым больш беларускае мовы, яму няма. І ён гэтага не хавае. Як вы здагадваецеся, кіраўнік беларускага класу абсалютна не гаворыць па-беларуску. Ну і чаму можа навучыць маіх дзяцей грамадзянін іншай дзяржавы, які марыць “разбурыць беларускія міфы”? Сапраўды, давайце іх бурыць. Можа, і нам паціху падацца ў Маскву -- вучыць тамтэйшых дзетак гісторыі? Той расіянін і зараз выкладае гісторыю ў 23-й мінскай гімназіі (гаворка ішла менавіта пра яе). Беларускім класам, што праўда, ужо не кіруе. Яго замяніў настаўнік працы, які ў сваім класе... не вядзе ніводнага прадмету (шчыра кажучы, другога такога выпадку я не ведаю). Ці гаворыць ён з дзецьмі на роднай мове, падрымліваючы іх самаадчуваньне як вучняў беларускага класу? Сумняваюся.

Улада: праціўнік ці саюзьнік?

Колькі ў гэтым годзе беларускіх класаў хоць бы ў адным Менску? Гэтага не ведалі нават у ТБМ. Супрацоўнікі гарана, якія даюць па телефоне збвесткі бацькам (як нашым героям, што пераводзілі дзіця ў бліжэйшую школу), адмовіліся даваць зьвесткі прэсе без дазволу начальства. Закрадалася нядобрая думка: няўжо нават колькасьць класаў на роднай мове ўжо засакрэчана?
“Нам вельмі крыўдна, калі кажуць, што мы супраць беларускіх школаў! Мы -- за!” Загадчыца адзьдзелу камітэту па адукацыі Мінскага гарвыканкаму Тацяна Харужая пад словам “мы” мела на ўвазе не толькі калегаў па кіраўнічай працы са структураў сталічнае ўлады. Сама яна ў мінулым – настаўніца фізікі. Выкладаць даводзілася свой прадмет і па-руску, і па-беларуску – “няма ніякай розьніцы, акрамя спецыфічных тэрмінаў на розных мовах”.
Па словах Тацяны Харужай, патрэбы жыхароў Менску ўлады стараюцца задаволіць: у кожным раёне горада маецца хоць бы адна асноўная школа, дзе з 1-га класа па 11-ты можна вучыцца на роднай мове. Прынамсі, такімі школамі лічацца:
у Фрунзенскім раёне – гімназія № 4,
у Маскоўскім – сярэдняя школа № 60,
у Першамайскім –гімназія № 9,
у Партызанскім –
у Заводзкім – гімназія № 14,
у Ленінскім – сярэдняя школа № 2,
у Цэнтральным раёне – гімназія-каледж № 26,
у Савецкім – гімназія № 23.

Усяго па сталіцы зараз працуе 339 беларускіх класаў, у якіх вучацца 6832 дзіцяці. У бягучым навучальным годзе (2005/2006) уведзена 20 першых класаў, у іх прышлі вучыцца 343 маленькія вучні.
Многа гэта ці мала? На 2-мільённы Менск – вельмі мала! Але, паводле дадзеных сталічнага гарана, гэта прыкладна той жа узровень, што быў і ў мінулым годзе. “Калі параўноўваць гэтыя лічбы з дадзенымі некалькіх мінулых гадоў, то бачна, што працэс стабілізаваўся, -- каментуе Т.Харужая. – Асаблівых спадаў і ўздымаў не назіраецца за апошнія 4 гады. Відаць, вызначыўся той прыкладны ўзровень людзей, якія жадалі б адукоўваць дзяцей па-беларуску”.
Аднак калі параўнаць гэтыя дадзеныя з лічбамі мінулых гадоў, прыведзеныя Таварыствам беларускай школы, тэндэнцыя скарачэньня беларускіх класаў праглядаецца. Напрыклад, у 20012002 навучальным годзе на роднай мове вучыліся 7,3% менскіх школьнікаў, у 20022003-м – 6,4%, у 2003/2004-м – 5,1%, у мінулым, 2004/2005-м – ужо 4,2% усіх дзяцей. Зьвестак за гэты год няма, але нават калі дапусьціць, што у новым навучальным годзе адсотак беларускага школьніцтва застаўся тым жа, “прыкладна той жа ўровень” абарочваецца, на жаль, зьмяншэньнем на адну траціну. Вядома, гэта амаль нішто ў моры тысячаў беларускіх школьнікаў (якіх таксама год ад году меншае, згодна з дадзенымі ТБШ). Але што такое закрыцьцё нават аднаго класу, калі такія класы шукаеш, бы залатую руду? Ці не тое самае, што згубіць “усяго грам” чыстага, вышэйшай пробы, золата?
Тым ня менш, гарадзкі адзьдзел адукацыі канстатуе зацікаўленасьць ў павелічэньні колькасьці беларускіх класаў. Можна пагадзіцца, што многае, калі не усё, залежыць ад пазіцыі бацькоў. Тут чыноўнікі, што праўда, ідуць насустрач пажаданьням. Ведаю выпадак, калі ў СШ № 37 некалькі гадоў таму бацькі перапынілі спробы перавесьці беларускі клас на рускую мову навучаньня шляхам збору подпісаў: раённы адзьдзел адукацыі даслаў ініцыятару дахаты афіцыйны станоўчы адказ. Але не ўсе бацькі такія актыўныя. На жаль, большасьць насельніцтва пасіўна прымае той стан перавагі рускай школы, які існуе. На думку Тацяны Харужай, у Менску адыгрывае ролю таксама даволі вялікая колькасьць прыезджых жыхароў і традыцыйна, з савецкіх часоў зьмяшаны склад насельніцтва. Але маю суразмоўцу шчыра радуе тое, што становіцца больш беларускамоўных гімназіяў, паляпшаецца якасьць адукацыі ў іх. Менавіта яны – ў ліку найлепшых навучальных установаў гораду. Амаль усе выпускнікі такіх гімназіяў адразу ж паступаюць у ВНУ. Напрыклад, у гэтым годзе студэнтамі сталі 80% выпускнікоў 23-й гімназіі, 94% -- гімназіі №4, 95% -- гімназіі №14, 97% нядаўніх навучэнцаў гімназіі №9. Таму казаць пра непатрэбнасьць і непрэстыжнасьць беларускай сярэдняй адукацыі проста не выпадае. Магчыма, гэта той выпадак, калі колькасьць пераўвасобіцца ў якасьць. Дарэчы, кк станоўчы фактар у гарана разглядаюць увядзеньне ў гэтым годзе магчымасьці здаваць па-беларуску тэсты пры цэнтралізаваным тэставаньні для 11-класьнікаў (у мінулым годзе такога не было). “Навучэнцам беларускіх класаў дадзена магчымасьць рэалізаваць свае веды і не адчуваць цяжкасьцяў”, -- каментуе Т. Харужая. Што ж тычыцца ўроўню пасьпяховасьці беларускамоўных выпускнікоў, то “практыка паказвае, што гэтыя дзеці вучацца ў ВНУ ніколькі не горш, чым усе астатнія”.

Беларукая вышэйшая адукацыя -- міраж у пустэльні?
Адсутнасьць у краіне ВНУ, дзе навучаньне вялося б па-беларуску доўгі час была адным з галоўных аргументаў не на карысьць навучаньня дзяцей на роднай мове. Пра “адсутнасьць добрых перспэктываў”, чуюць кожныя бацькі, аддаючы сына ці дачку ў беларускамоўны клас. Працягваць адукацыю пасьля школы, на якой бы ты мове ні навучаўся, усё роўна давядзецца па-руску. Выбар мовы існуе толькі падчас здачы уступных іспытаў, далей усё ў плане мовы аднолькава для ўсіх.
Шмат гадоў беларуская грамадскасьць змагаецца за адкрыцьцё нацыянальнага ўніверсітэту. Некалькі гадоў таму актывісты Таварыства беларускай мовы (ТБМ) , некаторых партыяў і грамадскіх арганізацыяў хадзілі па вуліцах гарадоў ды зьбіралі подпісы людзей у падтрымку гэтай ідэі. І подпісаў тых было сабрана больш за 50 тысяч. Зараз 15 тоўстых тэчак зь імі ляжаць і пыляцца ў шафах на штаб-кватэры ТБМ. “Куды мы ні зьвярталіся, у якія міністэрствы і ведамствы не тэлефанавалі – нікому гэта не трэба, і подпісы гэтыя нідзе не хочуць прымаць”, -- кажа адзін з каардынатараў ТБМ Сяргей Кручкоў. І гэта нягледзячы на тое, што літаральна пару гадоў таму ўлады дэманстравалі гатоўнасьць хаця б выслухаць ды ўзважыць саму ідэю Нацыянальнага ўніверсітэту...
Праўда, па інфармацыі з таго ж Менскага гарана, у рускамоўнай сістэме вышэйшай адукацыі краіны намеціліся некаторыя схілы ў бок беларушчыны. Прынамсі, Істытут культуры і Педадагічны ўніверсітэт ўводзяць на некаторых сваіх факультэтах беларускамоўнае навучаньне.

Міраж наадварот

З Лявонам Баршчэўскім, намеснікам дырэктара легендарнага Беларускага гуманітарнага ліцэю, мы размаўлялі за паўтары месяцы да вялікага сьвята. У канцы лістапада 2005-га Ліцэю спаўняецца 15 гадоў. Траціну часу свайго існаваньня вучні й настаўнікі блукаюць на здымных кватэрах: памяшканьне, як і афіцыйны статус навучальнай установы, адабралі ўлады.
Навучальны год для ліцэістаў пачаўся на два месяцы раней, чым для астатніх дзяцей школьнага ўзросту – яшчэ ў сярэдзіне лета. Першую вучэбную чвэрць дзеці адвучыліся ў Польшчы па запрашэньню Клуба каталіцкай інтэлігенцыі, а канец верасьня і пачатак кастрычніка сталі часам вакацыяў. Перапынак у вучобе быў патрэбны не толькі з прычыны адпачынку, але й таму, што зараз у ліцэю няма памяшканьняў для вучобы. Кватэры, на якіх займаліся раней, ужо не здымаюць, а новых пакуль не знайшлі. Лявон Баршчэўскі спадзяецца, што хутка рэалізуецца план зняць цэлы прыватны дом на ўскраіне Менску: тады можна будзе сабраць усе ліцэйскія групы разам. Сумесная вучоба і частыя сустрэчы дзяцей звычайна спрыяюць паляпшэньню пасьпяховасьці, тлумачыць ён. Але наколькі доўга працягнецца вучоба ў амаль што загарадным доме, невядома. Паколькі на балансе міністэрства адукацыі ліцэй даўно не знаходзіцца (афіцыйна яго проста няма), сродкі на зьняцьцё памяшканьняў для заняткаў даюць бацькі навучэнцаў. Кожны месяц яны вымушаны “скідвацца” прыкладна па 35 долараў у агульную “касу узаемадапамогі”. Заробак настаўнікам таксама забясьпечваюць яны. Такім чынам, некалі бясплатнае навучаньне стала тут як бы платным. Але і пры гэтай акалічнасьці жадаючых вучыць сваіх дзяцей менавіта у гэтай навучальнай установе не становіцца менш.
Нягледзячы на адабранае ўладамі памяшканьне і фармальнае закрыцьцё, Беларускі гуманітарны ліцэй па-ранейшаму карыстаецца попытам сярод бацькоў, якія жадаюць даць дзецям добрую эўрапейскую адукацыю і выхаваць іх у беларускім патрыятычнм духу. Дзеці езьдзяць сюды вучыцца не толькі з усіх канцоў Менску, але нават з Менскага раёну. Адну дзяўчынку бацькі прывезлі сюды вучыцца зь Ліды, адмыслова для гэтага зьняўшы кватэру ў Менску. Другая навучэнка абрала ліцэй, разам з бацькамі вярнуўшыся на Радзіму са Швецыі. Многа вельмі таленавітых дзяцей, з цеплынёй адзначае спадар Лявон. Падчас перабываньня ў Польшчы таленты юных беларусаў заўважыў і вядомы польскі тэлежурналіст Міраслаў Дэмбінскі, які цэлы месяц на даным энтузіязме і па ўласнай ініцыятыве праводзіў з дзецьмі майстар-класы. “Ён вучыў іх здымаць сюжэты, шукаць ракурсы, рабіць мантаж... Гэты было настолькі цікава, што я і сам бы, здаецца, павучыўся”, -- зь лёгкай зайздрасьцю згадвае Баршчэўскі. Да таго ж, дзяцей запрасіў да сябе ў госьці сам знакаміты Анджэй Вайда.

З зачыненага ліцэю – у зачынены ўніверсітэт?

Цяпер у праграму ліцэю ўведзены факультатыў журналістыкі (з 3-га курса). Задуманы і працяг навучаньня гэтай прафесіі: вядуцца перамовы з кіраўніцтвам Эўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту (ЭГУ) пра адкрыцьцё ў Вільні факультэту журналістыкі гэтай ВНУ. Мяркуецца, што навучаньне на новым журфаку будзе весьціся па-беларуску і на высокім ўзроўні, якім увогуле вызначаецца ЭГУ. Да таго ж, мяркуецца, што паралельна з журналісцкімі навыкамі студедт будзе атрымліваць паглыбленыя веды па адной са сьпецыяльнасьцяў універсітэту: практыка паказвае, што журналісты з адмысловай адукацыяй у сферы, якую яны асьвятляюць, не робяць у матэрыялах гэаткія “ляпы”, грубыя памылкі, як іхнія калегі, што ведаюць яусяго патрохі. Але пакуль “віленскі праект” застаецца толькі добрай ідэяй. Шмат чаго будзе залежаць ад таго, “наколькі далёка яны змогуць зайсьці ў сваёй беларусізацыі”, папярэджвае Лявон Баршчэўскі. Што ж, паступіць з атэстатам зачыненага ліцэю ў такі ж па статусе ўніверсітэт у Вільні– што можа быць лепш і перспектыўней для юнага беларуса ў цяперашняй беларускай сітуацыі?
“Практыка паказвае: выпускнікі ліцэю, якія паступілі вучыцца ў ВНУ іншых краін, як правіла, потым ўладкоўваюцца на працу там і на Беларусь ужо не вяртаюцца”, -- канстатуе Лявон Баршчэўскі, які схільны лічыць гэтую тэндэнцыю даволі сумнай. Калі “ўцяканьне мазгоў” з краіны не спыніцца, якой будзе яе будучыня? Іншая сітуацыя з Вільняй, самай блізкай да нас сталіцай, дзе беларусы пачуваюцца як дома.

Тацяна Сьнітко
P.S. Сям’я, з пошукаў якой пачынаўся гэты матэрыял, знайшла для свайго дзіцяці беларускі клас у дзьвюхмоўнай школе. Там аказалася маладая класная кіраўнічка, якая гаворыць па-беларуску і нават не грамадзянка іншай краіны, і дзеці, якія таксама любяць мовы і гісторыю. Бо гэта гуманітарны клас. Тут вывучаюць нямецкую мову, але ўсе хочуць ягчэ ангельскую. Дабірацца ў школу трэба 10 хвілін на аўтобусе, потым паўгадзіны на тралейбусе, а потым хвилин 10 пехам. Хто хоча вучыцца и вучыць па-беларуску – той будзе гэта рабіць...

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства