Наста Палажанка не зрабіла нічога супрацьпраўнага
Адміністрацыйная справа, заведзеная на Насту Палажанку па факце распаўсюджаньня буклетаў на нацыянальную тэматыку, спыненая.
Намесьніца старшыні "Маладога Фронту" Наста Палажанка атрымала ліст зь Валожынскага раённага адзьдзела міліцыі з паведамленьнем пра спыненьне адміністрацыйнай справы за распаўсюд буклетаў, прысьвечаных нацыянальным сымбалям Беларусі - бел-чырвона-беламу сьцягу й гербу "Пагоня".
У лісьце за подпісам падпалкоўніка Якутовіча В.Р. паведамляцца, што зьмест буклетаў не супярэчыць заканадаўству Беларусі, а таму справаводства па гэтым факце спынена.
"Ня думаю, што гэта праява нейкіх зьменаў ці дэмакратычных пераўтварэньняў у краіне, хутчэй - гэта проста ў нечым самастойна прынятае рашэньне раённай міліцыі, на якую ня ціснулі "зьверху". У той жа час такое рашэньне - гэта стымул для моладзі, прыклад таго, што ня трэба баяцца распаўсюджваць матэрыялы, у якіх не ўтрымліваецца нічога кепскага", - мяркуе Наста Палажанка.
Нагадаем, некалькі тыднў назад актывістка МФ Наста Палажанка была затрымана каталіцкімі дружыньнікамі й міліцыянтамі падчас малітоўнай сустрэчы ў Івянцы за распаўсюд буклетаў на нацыянальную тэматыку. На дзяўчыну быў складзены адміністрацыйны пратакол. Гісторыя вакол гэтага затрыманьня атрымала вялікі рэзананс у СМІ.