Чаму беларускі незалежны журналіст ня можа сказаць усю праўду?
Немалая частка інфармацыі не трапляе да грамадзкага ведама таму, што яе затрымліваюць самі журналісты.
Вось прыклад: у 1996 г. польскія журналісты дамовіліся не гаварыць ні слова аб тым, што тагачасны прэзыдэнт Польшчы А. Квасьнеўскі падчас афіцыйнага візыту ў Беларусь настолькі выпіў, што ў Баранавічах сядаў у машыну праз багажнік. Польскія СМІ загаварылі пра гэта толькі празь некалькі гадоў.
У Беларусі грамадзтву таксама не вядома пра многія некарэктныя паводзіны галавы дзяржавы, высокіх чыноўнікаў, пра многія парадоксы жыцьця ў краіне. Журналісты маглі б пра іх распавесьці, але не распавядаюць. Чаму?
Ёсьць некалькі повадаў, але самацэнзура й ахова крыніцы інфармацыі наймацнейшыя сярод усіх. Гэтыя чыньнікі яшчэ больш узмацняюцца ў сыстэмах, дзе ўлада кантралюе СМІ.
Яніна Янкоўска, шматгадовы й заслужаны супрацоўнік Польскага Радыё, майстар радыйнага рэпартажу. Журналістка была арыштаваная падчас ваеннага становішча за дзейнасьць у салідарніцкім падпольлі, у тым ліку за падрыхтоўку перадач, у якіх закраналіся тэмы, забароненыя цэнзурай ПНР. Гэтыя перадачы выходзілі ў эфір па радёвузьле на заводах. Спадарыні Янкоўскай не аднойчы прыходзілася скрываць інфармацыю й яе крыніцу.
Я. Янкоўска: Нашая прафэсія накладае на нас адказнасьць за суразмоўцаў. Бывае, што суразмоўца празьмерна раскрывае свае справы, і, калі мы іх данясем да публічнага ведама, то гэта можа яму нашкодзіць у асабістым жыцьці. Гэта значыць, журналіст замоўчвае інфармацыю, якая ня надта важная для грамадзтва, а можа несьці балючыя наступствы для нашага суразмоўцы. Элемэнт узважваньня неабходны ў любой журналісцкай дзейнасьці.
Аляксей Дзікавіцкі — кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграм каналу «Белсат» — падкрэсьлівае, што асабліва ў малых мясцовасьцях журналісту часта прыходзіцца рабіць выбар паміж прафэсійным абавязкам і пачуцьцём адказнасьці за крыніцу інфармацыі.
А. Дзікавіцкі: Сказаць усю праўду вельмі цяжка, тым больш, калі чалавек жыве ў невялікім горадзе, напрыклад, выдае газэту ў нейкім правінцыйным мястэчку. Усе яго ведаюць, і ён можа атрымаць інфармацыю ад людзей, зь якімі ён вучыўся ў школе, калісьці разам працаваў, ці проста знаёмых за півам. Але часта здараецца так (і я гэта добра ведаю па сабе), што ты гэтую інфармацыю ня можаш выкарыстаць, бо крыніца гэтай інфармацыі можа быць адна ці дзьве. І, калі гэтая інфармацыя зьявіцца, то чалавек, які яе табе даў, пацерпіць. Улады адразу спраўдзяць, хто мог гэтую інфармацыю выпусьціць. І нярэдка так бывае, што дзеля таго, каб захаваць гэтую крыніцу інфармацыі на нейкую больш важную аказію, ці проста па прыяцельску не пашкодзіць чалавеку, журналісты не даюць хады інфармацыі.
Тое, што незалежныя беларускія журналісты паддаюцца самацэнзуры, пацьвярджае й намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, хаця ён зазначае, што самацэнзура й адказнасьць за свае словы — гэта дзьве розныя рэчы.
А. Бастунец: Сапраўды, у некаторых выпадках журналісты ведаюць, што існуюць тэмы, якіх лепш не кранаць, і у кожнага выданьня могуць быць свае перашкоды, каб кранаць гэтыя тэмы. Ну, і самі праблемы, якія раз-пораз выклікаюць публікацыі, прымушаюць потым быць болей асьцярожным. Але я зазначаю, што ёсьць журналісты, якія пазьбягаюць самацэнзуры, і БАЖ ставіцца да іх зь вялікай павагай і заклікае да гэтага.
Польская вопытная журналістка Яніна Янкоўска лічыць, што журналіст пры некаторых умовах можа скарыстаць пэўную падтасоўку фактаў, калі мэтай зьяўляецца абарона грамадзкага інтарэсу. Сэнс ня ў тым, каб прыдумляць нешта, але каб падаваць інфармацыю ў такой форме, якая заблытае сьлед да крыніцы інфармацыі. Такой мерай можа быць шырокае абагульненьне.
Я. Янкоўска: Можна сказаць: «З добра інфармаванай крыніцы, зьвязанай з кураторыяй, Міністэрствам адукацыі, мы даведаліся…» І тады ўлады маюць праблему. Такім чынам мы можам накіраваць інтарэс адпаведных ворганаў у іншы бок. Гэта своеасаблівы прыём, але трэба ўлічыць, што беларускі журналіст працуе ў сьвеце, дзе другі бок імкнецца замазаць праўдзівую рэчаіснасьць і маніпулюе ёю. У такой сытуацыі, калі з мэтай паказаць праўду скарыстоўваем журналісцкі трук, які павінен скрыць крыніцу інфармацыі, то я ня думаю, што гэта вялікі грэх маніпуляцыі.
Беларускіх журналістаў даволі часта наведваюць супрацоўнікі КДБ і прымушаюць да супрацоўніцтва. Як гэты фактар уплывае на прафэсійную дзейнасьць журналіста?
А. Бастунец: Ёсьць такое, і гэта тычыцца ня толькі журналістаў, але й актывістаў, моладзі. І зноў-такі, кожны выбірае па сабе. Па вялікім рахунку, ня толькі КДБ, але й у іншых краінах спэцслужбы могуць схіляць людзей для супрацоўніцтва, аднак у беларускім законе запісана, што гэта можа рабіцца толькі на падставе добрай волі, што ніякага прымусу быць не павінна. Таму журналіст мае ўсе правы адмовіцца ад такога супрацоўніцтва, калі лічыць гэта непатрэбным і немагчымым для сябе. Я ня думаю, што ў яго тут будуць вялікія наступствы. У большасьці выпадкаў гэтых спробаў схіліць да супрацоўніцтва, яно робіцца публічным, выносіцца да насельніцтва праз СМІ, ну, а ў тых выпадках, калі гэта ня робіцца галоснасьцю, ня можам абмяркоўваць, бо нічога ня ведаем.
Яланта Смялоўская, Беларуская служба польскага радыё