Забаронены пікет у абарону сацыяльных правоў грамадзянаў
Менскія ўлады забаранілі пікет у абарону сацыяльных правоў грамадзянаў ва ўмовах эканамічнага крызісу. Яго планавалася правесці ў аўторак на плошчы Якуба Коласа.
Сацыяльны пікет рыхтавалі актывісты менскай гарадской арганізацыі Партыі камуністаў Беларускай. Яны патрабавалі спыніць наступ на сацыяльныя правы працоўных. Прынамсі, абмежаваць пашырэнне платных медычных паслугаў, падвысіць пенсіі і дапамогу па беспрацоўі, не дапускаць масавага скарачэння працоўных месцаў.
Звычайна, Менгарвыканкам у такіх выпадках накіроўвае пікетоўшчыкаў на плошчу Бангалор. Аднак гэтым разам камуністам увогуле адмовілі ў правядзенні акцыі. Прэсавы сакратар ПКБ Сяргей Вазняк тлумачыць гэта тым, што ўлады спалохаліся працягу сацыяльнай кампаніі, якую камуністы разам з актывістамі іншых суб’ектаў АДС абвесцілі 9 ліпеня:
- Мы расцэньваем гэта як поспех нашай сацыяльнай кампаніі, калі ў адзін дзень у 30 гарадах нашыя актывісты распаўсюджвалі на прахадных антыкрызісныя прапановы АДС. Сваёй рэальнай антыкрызіснай праграмы ва ўрада няма, а крызіс набірае моц. Вось яны і нервуюцца.
Аднак сацыяльная кампанія будзе працягвацца, кажа Сяргей Вазняк. Калі ўлады не дазваляюць пікеты, то камуністы самі пойдуць на прахадныя заводаў, каб раздаваць рабочым інфармацыю пра антыкрызісныя прапановы апазіцыі.